Палітычныя партыі, што уваходзяць у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы адгукнуліся на выбух ў Мінску. Адразу некалькі з іх - у тым ліку Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ і рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду” выступілі з заявамі, у якіх асудзілі гэты тэракт, а таксама заклікалі ўлады не выкарыстоўваць яго супраць апазіцыі.
- З аднаго боку, мы патрабуем аб’ектыўнага расследвання, і прыцягнення да крымінальнай адказнасці як арганізатараў, так і выканаўцаў тэракту. Адначасова мы заклікаем уладу, каб яна не паддалася на спакусу арганізаваць крыжовы паход супраць сваіх палітычных апанентаў. Хто б гэта не здзейсніў, для ўлады зараз спрыяльная мажлівасць выкарыстаць гэта дзеля таго, каб апраўдаць любыя дзеянні, якія могуць разгортвацца ў бліжэйшы час, - сказаў Рацыі старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
А вось, як пракментаваў гэтыя падзеі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
- Мы выказваем спачуванні пацярпелым і, дзякуй Богу, што ніхто не загінуў. Але мы таксама звяртаем увагу грамадскасці на тое, што цяперашняя палітычная ўлада збірае людзей на вялікія мерапрыемствы і не можа наступным чынам забяспечыць іх бяспеку. І другі момант, на які мы звяртаем увагу грамадскасці, – недапушчальнасць выкарыстання гэтага здарэння дзеля дыскрэдытацыі палітычных апанентаў.
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч заклікаў праваахоўныя органы "правесці ўсебаковае аб'ектыўнае і галоснае расследаванне" акалічнасцей начнога выбуху ў Мінску.
Назваўшы гэта здарэнне "недапушчальным для Беларусі", палітык падкрэслівае, што "любыя гвалтоўныя дзеянні, якія ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе мірных людзей, непрымальныя і падлягаюць асуджэнню".
А.Мілінкевіч выказаў спачуванне ўсім пацярпелым ад выбуху, пажадаўшы ім "як мага хутчэйшай папраўкі і псіхалагічнага аднаўлення".
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск






