Чым быў выбух, які адбыўся мінулай ноччу ў самым цэнтры Мінска падчас сьвяточнага канцэрту? Хуліганствам тых, каму не падабалася “прыгожае сьвята”, як сьцьвярджаюць высокія міліцэйскія чыны, ці тэрактам? І якія наступствы можа мець гэтае злачынства для грамадзтва?
Выбух, што грымнуў мінулай ноччу на менскім праспэкце Пераможцаў, і ў выніку якога пацярпела каля 50 чалавек, выклікаў сур’ёзную заклапочанасьць сярод апанэнтаў улады. Партыя БНФ выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады не выкарыстоўваць трагедыю у мэтах барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Ці ёсьць падставы ў апазіцыі быць занепакоенай?
Многія памятаюць, як напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 году тагачасны шэф КДБ Сцяпан Сухарэнка палохаў грамадзтва тэрактамі, якія нібыта рыхтавалі апазіцыянэры пры дапамозе грузінскіх інструктараў. Асабліва запомніліся “тэрарысты”, якія пры дапамазе дохлых пацукоў зьбіраліся атруціць вадаправод у Менску. Зусім нядаўна па БТ быў паказаны сюжэт пра падрыхтоўку беларускіх баевікоў, у лягерах на тэрыторыі Украіны, нацыяналістамі з УНА-УНСО.
Аглядальнік міжнароднага парталу Wider Europe Раман Якаўлеўскі прыгадвае апошняе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі газэце “Комсомольская правда”. Рэдактар задаў беларускаму кіраўніку пытаньне: “ці чакаеце Вы ў часе гэтых парлямэнцкіх выбараў новых вулічных беспарадкаў арганізаваных апазыцыяй?”
“Адказ быў наступны: “Ажыўленьне будзе. Насьцярожвае той факт, што Захаду наша апазіцыя моцна абрыдла. Асабліва амэрыканцам. Тыя, проста кажуць – будуць справы. Будуць грошы”. І сам Лукашэнка адказвае, што гэта вулічныя акцыі, мітынгі, а калі яшчэ пагромы і выбухі, то заказчык будзе вельмі задаволены”. Калі такія сэнтэнцыі зьяўляюцца за некалькі дзён да гэтай трагедыі, то задаешся пытаньнем, ці гэта выпадкова. Хто накаркаў? Ня ведаю, але на мой погляд гэта залугоўвае пэўнай увагі”
Неўзабаве пасьля выбуху, высокія міліцэйскія чыны назвалі яго хуліганствам. Былы афіцэр беларускага камітэту Дзяржбясьпекі, спэцыяліст ў галіне піратэхнікі Валер Костка з імі ня згодны:
“Выбух адбыўся ў час сьвяткаваньня, калі было шмат людзей, і фактычна ў прысутнасьці кіраўніка дзяржавы. Таму наўрад ці гэта можна назваць хуліганствам. Хутчэй за ўсё гэта быў тэрарыстычны акт. Мэты якого зараз цяжка вызначыць, бо сьледства павінна сабраць пэўную інфармацыю”.
Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Мілінкевіч, лічыць выбух правакацыяй:
“Я думаю толькі час пакажа. Калі будуць наступствы, тады лёгка будзе гаварыць, што гэта было. Але я ня веру ў тэрарызм у Беларусі, і думаю што гэта правакацыя. Хто можа быць зацікаўлены ў правакацыі? Могуць быць тыя, хто ня хоча супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам, хто ня хоча лібэралізацыі. Гэта цалкам магчыма”.
Усе мае суразмоўцы зазаначылі, што матывы гэтага злачынства стануць больш менш зразумелымі трохі пазьней.
Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя. Беласток





