01-03, 17:37

Ігар Варашкевіч: замест наркотыкаў мы ўжываем гарэлку, піва і партвейн

1 сакавіка – сусветны дзень барацьбы з наркаманіяй.

Беларусь – адна з шэрагу небяспечных краін постсавецкай прасторы, у якой колькасць наркаманаў і наркагандляроў імкліва расце. Калі 15 гадоў таму на ўліку па ўсёй краіне было 70 наркаманаў, то сёлета іх 6 тысяч 480. У мінулым годзе было на 300 чалавек меней. Але рэальная колькасць наркаманаў значна больш. Міжнародная практыка паказвае, што гэту лічбу можна памнажаць на 10. Так што атрымліваецца, што ў Беларусі 60,5 тысячы наркаманаў.

Па каментар па гэтай праблеме Рацыя звярнулася да галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Уладзіміра Максімчука:

- Праблема наркаманіі для нашай краіны застаецца актуальнай. Хоць колькасць наркаманаў ў Беларусі менш, чым, прыкладам, у краінах-суседках – Расіі, Украіне ці Польшчы. У нас недзе іх 60 на сто тысяч, у Расіі недзе 120 на 100 тысяч - то бок, у два разы больш. Тым не менш, мы праводзім усе магчымыя прафілактычныя мерапрыемствы, таму што гэта з’ява вельмі небяспечная, асабліва для моладзі.

На моладзь ад 15 да 25 гадоў прыпадае асноўная колькасць наркаманаў, прычым кожны дзесяты школьнік ведае, дзе ў яго населеным пункце можна дастаць наркотыкі. Больш за 50% наркаманаў падсудныя, каля 30% былі асуджаныя не менш як па два разы.

- У школах і вну асобным курсам ідзе прафілактыка наркаманіі. Цяпер мы ўжо падбіраемся да дзіцячых садкоў, дзе прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў форме казак. Галоўным антыгероем у іх выступае які-небудзь наркотык, - кажа Уладзімір Максімчук.

Сярод наркотыкаў найбольш распаўсюджаным у Беларусі з’яўляецца опіум – яго спажываюць 78% наркаманаў. Расце ўжыванне какаіну і гераіну, ужо не кажучы пра марыхуану. На дыскатэках і ў начных клубах моладзь аддае перавагу сінтэтычнаму наркотыку амфетаміну.

У адным са сталічных клубаў нам удалося пагаварыць з дваццацігадовай аматаркай марыхуаны. Вось што яна сказала нашаму радыё:

- Я чаму вы вырашылі, што “трава” – гэта наркотык? “Трава” не больш небяспечная, чым кава ці цыгарэты. За гэта ж не садзяць? Галоўнае – ведаць сваю норму і не падаць вельмі нізка. І не прадаваць за наркотыкі сям’ю, дзяцей і іншае. Таму я не лічу, што “траву” трэба адносіць да наркотыкаў.

У ліку наркаманаў маладыя рок-музыкі займаюць не апошняе месца. Але прадстаўнікі старэйшага пакалення адмоўна ставяцца да ўжывання наркотыкаў. Прыкладам, лідэр папулярнага гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Куллінковіч:

- Я стаўлюся да гэтай праблемы вельмі сур’ёзна, таму што шмат хто з людзей, з якімі я сябраваў ва ўзросце 15-20 гадоў, спіліся ці знаркаманіліся. Некаторыя з іх ужо памерлі праз наркотыкі, а некаторых з вялікай нацяжкай зараз можна назваць людзьмі. Але для мяне няма такой праблемы. Я не стасуюся з наркаманамі, у мяне няма такіх сяброў.

Лідэр гурта “Крама” Ігар Варашкевіч прызнаўся:

- Наркотыкі мы не ўжываем. Мы любім гарэлку, піва і партвейн. А наркаманаў сярод нас няма. Сам я шмат гадоў ужываў спіртовыя напоі, якія зараз у нас таксама лічацца наркотыкамі. Але, безумоўна, наркотыкі - гэта значна большае зло.

Абодва музыкі сыходзяцца ў тым, што ў барацьбе з наркаманіяй усё залежыць найперш ад самога чалавека. Кожны сам для сябе павінен вырашыць, ужываць наркотыкі ці не, і вызначыць уласную меру адказнасці.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя