03-03, 16:40

Беларускія студэнты працуюць на Галівуд

Жыццё студэнцтва заўжды было вясёлым і насычаным, але бедным. Яшчэ цяжэй, калі навучальная ўстанова знаходзіцца ў сотнях кіламетрах ад роднага дому. Тады ўжо дакладна разлічваць даводзіцца толькі на сябе. Рацыя пацікаваліся ў беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Італіі, Чэхіі, Польшчы і Літве, як яны знаходзяць выхад з гэтай сітуацыі. 

Аляксандра Патапава вучыцца на першым курсе ў дзяржаўным універсітэце Фларэнцыі на інжынерным факультэце. Яна атрымала стыпендыю і за навучанне ёй плаціць не трэба. Аляксандра хоча працаваць па сваёй спецыяльнасці, а пакуль зарабляе па-за вучобаю, працуючы ў піцэрыі. Кажа, што пры жаданні можна зарабіць да 900 еўра на месяц.

- Трэба прыйсці ў 5.30 і рыхтавацца да адкрыцця піцэрыі, прыбраць, нарэзаць хлеб, падрыхтаваць салодкае і дэсерты. Па адкрыцці – прыняць замову ад наведнікаў. Палёгка ў тым, што ў нас усё робіцца праз кампутар і не трэба штораз бегаць на кухню.

Марыя Дудко вучыцца на пятым курсе ў вышэйшай эканамічнай школе ў Празе на факультэце “эканоміка прадпрыемстваў і менеджменту”. Кажа, што яе асноўная падпрацоўка па-за вучобаю – пераклады з чэшскай мовы на расійскую, якія вельмі запатрабаваныя. Плоцяць за такую працу недзе ля 10 еўра за старонку перакладу.

- Ёсць і шмат іншых варыянтаў для падпрацовак. Студэнты рэгіструюцца ў агентуры і там атрымліваюць прапановы – напрыклад, у гіпермаркеце растаўляць прадукты. Тут працу знайсці студэнтам лягчэй, чым у Беларусі і аплочваецца яна куды лепей. Мне часам дапамагаюць бацькі, бо, напрыклад падчас сесіі немагчыма сумяшчаць працу і вучобы

Анатоль Міхнавец вучыцца па праграме Каліноўскага на менеджэра ў Варшаве. Ён нават не бярэцца шукаць працу, кажа, што ўвесь час займае вучоба і грамадская дзейнасць. Ды і “каліноўцам” паводле ўмоваў праграмы падпрацоўваць непажадана, кажа студэнт. Кожны мае стыпендыю штомесяц 1240 злотых (ля 515 даляраў)

- Пытанне падпрацовак паўставала падчас сустрэчы студэнтаў. Нам сказалі, што плоцяць стыпендыю, каб вы вучыліся, а не працавалі. Бо калі студэнт працуе, часу на вучобу ў яго куды меней застаецца. Я асабіста не працую, бо папросту няма часу. Мы тут стварылі ініцыятыву “Беларуская нацыянальная памяць”, шукаем месцы, звязаныя з гістарычнымі асобамі і падзеямі, ладзім свае акцыі.

А вось Андрэй Матыка, студэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, знайшоў з сваімі аднакурснікамі-беларусістамі падпрацоўку, здымаючыся … у кіно. Так, беларускія студэнты зняліся ў італьянскай экранізацыі “Вайны і міру” і ў фільме галівудскага рэжысёра Эдварда Цвіка “Выклік” пра барацьбу беларускіх габрэяў з нацыстамі.

- Тут часта здымаюцца фільмы “на натуры”, то бок, сюды прыязджаюць рэжысёры, якім трэба зняць пра Расію, Усходнюю Еўропу, падзеі другой сусветнай, альбо напалеонаўскай вайны. Таму і вобразы ў нас былі адпаведныя – савецкія салдаты, ці то партызаны, ці то немцы. Плоцяць недзе 50 літаў (недзе 20 даляраў) за здымачны дзень і кормяць трошкі. Тых, хто актыўна ўключаецца ў здымачны працэс, яшчэ і паднавучаюць і даюць такія напалову прафесійныя ролі, за якія плоцяць большыя грошы.

Як бачым, беларускія студэнты, што вучацца за мяжой, маюць багаты выбар – можна сумяшчаць вучобу і працу, можна паралельна рабіць кар’еру ў іншай галіне, а можна атрымаць стыпендыю і цалкам прысвяціць сябе вучобе. Усе героі гэтага сюжэту сыходзяцца ў адзіным – шанцаў для самарэалізацыі за мяжой куды болей, чым у роднай Беларусі.

Сяргей БУДКІН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя