05-03, 19:39

Мінтранс: У аўташколы патрапіць стане лягчэй і вучыць там будуць лепш

Калі Міністэрства транспарту і камунікацый адпускала кошты навучання ў аўташколах, то чыноўнікі меркавалі, што яны павысяцца ў сярэднім на 100 долараў. На гэты конт кіраўнік аддзела бяспекі на транспарце і ліцэнзавання Мінтранса Павел Базанаў сказаў Рацыі:

- Калі мы праводзілі апытанне, казалі, што ў сярэднім трэба падняць кошты тысячаў на 200. Увогуле гэта залежыць ад умоваў дзейнасці канкрэтнай арганізацыі. У каго іншамаркі, у каго “Жыгулі”, у каго салярка, у каго бензін. Хто ў Мінску – арэндная плата адна, у Пухавічах, прыкладам, іншая.

Тым не менш, кошты на навучанне ў аўташколах падымуцца значна вышэй. У аўташколе акцыянернага таварыства “Аўтасправа” Рацыі пра гэта сказалі так:

- Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў загад, згодна з якім аўташколы могуць самі устанаўліваць кошты навучання. Калі раней у нас было 599 тысячаў 80 рублёў плюс бензін 200 тысячаў, то зараз гэта будзе, канешне, вышэй, недзе каля мільёна.

У аўташколе “Віраж плюс” наконт платы за навучання паведамілі:

- Будзе 1 мільён 200 тысячаў без паліва. Ну і паліва яшчэ тысячаў 200, калі не падаражэе.

Тыя ж кошты назвалі і ў аўташколе “ТрансАЎТАсэрвіс”:

- Атрымаецца 1 мільён 200 тысячаў, і наўрад ці вышэй.

Перад падаражэннем навучання павялічыўся наплыў жадаючых запісацца ў аўташколы. Адпаведна выраслі чэргі і запіс стаў весціся на некалькі месяцаў наперад. Мінтранс мяркуе, што пасля павелічэння аплаты за навучанне гэта праблема знікне:

- Аўташколам нявыгадна павялічваць набор. Ёсць абмежаванні, і атрымліваецца, чым больш яны набіраюць, тым больш губляюць. Таму і набіраюць зараз самы мінімум. А калі тарыфы будуць зарэгістраваныя па іх разліках, то яны змогуць павялічваць набор.

Гэтак патлумачыў Рацыі прадстаўнік Мінтранса Павел Базанаў. Ён жа акрэсліў найбольш значную праблему беларускіх аўташкол:

- Там самая вялікая праблема, што вельмі маленькі заробак у майстроў вытворчага навучання. Калі падымуцца тарыфы, то падымецца і заробак выкладчыкаў і інструктараў. Адпаведна ў іх з’явіцца выбар кадраў і падымецца іх узровень, а зараз бяруць усіх агулам, бо не хапае майстроў. Да таго ж закупяць новыя машыны, камп’ютэры, з’явяцца новыя класы. Будзе канкурэнцыя – у каго лепшыя ўмовы, да таго і пойдзе кліент.

Атрымліваецца, паводле афіцыйнай версіі, што з павелічэннем аплаты за навучанне ў аўташколы і патрапіць стане лягчэй, і вучыць там будуць лепш. Адсюль вынікае, што і колькасць дарожна-транспартных здарэнняў паменшыцца. Хочацца верыць, што ўсё так і будзе, але ж пажывем – пабачым.
 

 

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя