06-03, 14:08

Тамковіч разлічыўся з Чаргінцом

Журналіст Аляксандр Тамковіч выплаціў 1 мільён рублёў дэпутату Савету Рэспублікі Мікалаю Чаргінцу ў якасці маральнай кампенсацыі за абразу яго гонару і годнасці. Такое рашэнне прыняў суд Першамайскага раёну Мінска 20 снежня летась, а пасля пацвердзіла калегія гарадскога суду. Аляксандр Тамковіч гаворыць, што паступіў як законапаслухмяны грамадзянін, хаця сваёй віны ў адносінах да Чаргінца не прызнае дагэтуль.

Газета “Новы час” у мінулым годзе змясціла артыкул Аляксандра Тамковіча пад назвай “Генерал-сенатар Чаргінец”. Герой публікацыі палічыў сябе абражаным і падаў іск у суд. Райсуд гэты пазоў задаволіў і абавязаў Тамковіча выплаціць Мікалаю Чаргінцу 1 мільён рублёў, а ўнітарнае прадпрыемства “Час навінаў”, што выдае газету, 50 мільёнаў рублёў. Мінскі гарадскі суд апеляцыю рэдацыі і журналіста не задаволіў. Гаворыць Аляксандр Тамковіч:

- Мы ўсе - хто знаходзіцца пад следствам ці ёсць нейкае судовае рашэнне - па-сутнасці, з’яўляюмся невыязнымі. І я, каб не было ніякіх праблем (раптам мне прыдзецца куды-небудзь паехаць), хачу, каб у прэсе з’явілася, што я заплаціў. І юрыдычных прэтэнзіяў да мяне быць не можа.

Аляксандр Тамковіч гаворыць, што калі б ён не выплаціў кампенасцыю Мікалаю Чаргінцу і 93 тысячы рублёў судовых выдаткаў, у яго маглі б арыштаваць маёмасць. Вінаватым у абразе сенатара ён не прызнае сябе дагэтуль.

Рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль гаворыць, што 50 мільёнаў рублёў павінны быць выплачаныя Чаргінцу да 7 сакавіка. Суд адмовіў прадпрыемству ў выплаце кампенсацыі ў растэрміноўку цягам году. Паводле Караля, кампенсацыя будзе выплачаная, каб выратаваць газету, але прадпрыемства будзе адстойваць свае правы ў Вярхоўным судзе.
 

 

Алег АСКЕРКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя