Паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 28 студзеня 2008 года, рэгістрацыя лецішчаў – не права, а прамы абавязак грамадзянаў. Прычым зрабіць гэта трэба да 1 кастрычніка. Новаўвядзенне пракаментаваў Рацыі кіраўнік аддзела рэгістрацыі Мінскага абласнога агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры Мікалай Касцюкевіч:
- Раней не было такой абавязалаўкі. Калі чалавек не збіраўся нічога прадаваць - які яму быў сэнс рэгістраваць? Тыя, хто меркаваў перадаць маёмасць у спадчыну альбо прадаць, рэгістравалі. А цяпер ужо ёсць неабходнасць рэгістрацыі для кожнага грамадзяніна.
У Беларусі прыкладна 537 тысяч дачнікаў. Зарэгістравалі сваю маёмасць каля 60% уладальнікаў. Астатнія, калі не паспяшаюцца, як паведаміў Мікалай Касцюкевіч, могуць страціць свае лецішчы:
- Магчымая канфіскацыя зямельных участкаў і перадача іх іншым грамадзянам, якія хочуць займацца садаўніцтвам.
Рацыя вырашыла пагаварыць з некаторымі ўладальнікамі летніх “рэзідэнцый”. Першая наша суразмоўца дачніца Ніна Ражко паведаміла, што мае дзяржаўны акт на зямлю, але дом яшчэ не зарэгістраваны. Наконт таго, калі збіраецца заняцца рэгістрацыяй, яна сказала:
- Калі пачнецца дачны перыяд, каб сустрэцца са старшынём садаўніцтва і аформіць патрэбныя дакументы. Таксама трэба будзе выклікаць прадстаўнікоў садаўнічага таварыства агледзіць дом і зрабіць там адпаведныя замеры.
Для другога суразмоўцы Рацыі - Сяргея Навіцкага - неабходнасць рэгістрацыі лецішча сталася нечаканасцю:
- Першы раз чую. Для мяне гэта вельмі вялікая навіна. Спадзяюся, што гэта датычыць тых, у каго не прыватызаваныя ўчасткі. А калі для ўсіх агулам, то гэта нонсенс. Зямля і дом – прыватная ўласнасць, таму пра якую дадатковую ўласнасць можа ісці размова. Хаця ў нашай дзяржаве ўсё можа быць…
Насамрэч, выкупленая ў дзяржавы зямля і пабудаваны на ёй дом з’яўляюцца прыватнай уласнасцю, якая дагэтуль не падлягала падобнаму жорсткаму кантраляванню. Цяпер жа не хвалявацца могуць толькі тыя, хто пасля прэзідэнцкага ўказа своечасова заняліся ўпарадкаваннем дакументаў. Тым, хто яшчэ некалькі гадоў таму атрымаў акт на зямлю і тэхпашпарт на дом, трэба праверыць, ці ёсць на гербавай паперы штампы рэгістрацыі ў райвыканкаме. Калі не, то рэгістрацыя маёмасці будзе лічыцца незавершанай і адпаведна можа падлягаць канфіскацыі.
Наталля ЯКАВЕНКА




