12-03, 10:37

Агляд беларускай прэсы 12 сакавіка

Газета “Салідарнасць” паведамляе ў сваім сённяшнім выпуску пра жахлівы выпадак, які адбыўся днямі на аўтатрасе Слуцк-Мінск. Супрацоўнікі ДАІ, каб спыніць п’янага кіроўцу, які ехаў з хуткасцю 180 км на гадзіну паставілі на дарозе шчыт з аўтамабіляў, у якіх сядзелі людзі. Інфармацыя пра гэтае здарэнне павінна з’явіцца ў заўтрашнім нумары газеты “Аўтабізнес”, але адзін з карыстальнікаў інтэрнэт-супольнасці Жывы Журнал, апасаючыся, што артыкул пад назвай “Смяротнікі па волі ДАІ” можа не выйсці, змясціў яго ў кам’юніці minsk_by.

Паводле апублікаваных сведчанняў пацярпелых, міліцыянты спынялі машыны і перагароджвалі імі дарогу. У прыватных аўто былі дзеці. Неўзабаве ў гэты шчыт і ўрэзаўся п’яны кіроўца “Фальксвагену-гольф”. Пакінуўшы жыццё людзей у небяспецы даішнікі разбегліся па баках. Людзі атрымалі фізічныя траўмы і псіхалагічны шок. Разбіта некалькі аўто. Кіраўніца “Цэнтру па правах чалавека” адвакатка Вера Страмкоўская, да якой звярнуліся пацярпелыя, накіравала скаргу пракурору Мінска з патрабаваннем прыцягнуць вінаватых міліцыянтаў да адказнасці.

У сённяшнім нумары тыднёвіка “СН плюс” палітолаг Валерый Карбалевіч аналізуе прычыны беларускага дыпламатычнага дэмаршу ў адносінах да ЗША. Аўтар робіць выснову, што ўведзеныя 13 лістапада летась Вашынгтонам санкцыі ў адносінах да канцэрну “Белнафтахім” насілі збольшага палітычны характар. Афіцыйны Мінск пачаў вызваляць палітвязняў ,чаго і дамагаліся Штаты. Усіх, акрамя аднаго і самага галоўнага – Казуліна. Ехаць у эміграцыю той адмовіўся, а пайсці на ягонае вызваленне Аляксандр Лукашэнка не мог, каб не выглядаць пераможаным. “Нацыянальныя інтарэсы Беларусі ўступаюць у супярэчнасць з інтарэсамі кіруючай каманды. Ад імкнення Лукашэнкі трымаць за кратамі сваіх палітычных праціўнікаў, краіна нясе рэальныя эканамічныя страты” – канстатуе аўтар “СН плюс”.

Сённяшняя “Советская Белоруссия” піша пра праблему наплыву ў Еўрапейскі саюз грошай з так званых суверэнных (дзяржаўных) фондаў Расіі, Кітая, арабскіх краінаў. Паводле выдання, агульная сума, што акумуляваная ў гэтых фондах - 2,5 трыльёна долараў. Шэраг дзяржаваў Еўрасаюзу занепакоеныя, што шматмільярдныя фонды могуць мець занадта моцны ўплыў на такія сферы як энэргетыка і абаронная прамысловасць. Шэйхі і алігархі мяняюць хаду гульні на сусветных рынках і некаторыя еўрапейскія краіны цяпер думаюць, як абараніцца ад гэтых новых варвараў, піша “СБ”.

А “Комсомольская правда в Белоруссии” піша пра кур’ёзны выпадак, які каштаваў пасадаў шэрагу кіраўнікоў аховы здароўя Брэста і вобласці. У брэсцкім моргу пераблыталі нябожчыкаў. Абодва мужчыны былі блізкага ўзросту і падобнага целаскладу. Як маглі людзі не пазнаць свайго блізкага сваяка, якога аплаквалі цэлую ноч, невядома. Гэтае пытанне задаюць і ў Брэцскім абласным паталаганатамічным бюро. Але за нядбайнае выкананне абавязкаў сваіх пасадаў пазбавіліся начальнік упраўлення аховы здароўя, галоўны паталагаанатам і галоўны лекар брэсцкага шпіталя хуткай дапамогі.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя