13-03, 14:28

Юлія Казуліна напіша кнігу пра маці

Ірына Казуліна вяла дзённік, які планавала пакласці ў аснову сваёй кнігі - адмысловага дапаможніка для жанчын, што сутыкнуліся са страшнай анкалагічнай хваробай. Юлія намерана па-свойму ажыццявіць матчыну задуму. Пра змест і ідэю будучай кнігі Юлія распавяла Рацыі.

- Юля, нам стала вядома, што Вы збіраецеся дапісаць кнігу маці. Што будзе ляжаць у аснове гэтай кнігі?

- Увогуле сэнс і ідэя кнігі – гэта ўспаміны людзей пра маму, нейкія гісторыі, звязаныя з ёй. Таксама мама вяла своеасаблівы дзённік, і будуць вытрымкі з яго.

- Вы казалі, што збіраецеся дапісваць. Дык можа асновай кнігі будзе гэты дзённік?

- Не, асновай будуць менавіта ўспаміны, таму што ў дзённіку не так многа напісана.

- І калі Вы мяркуеце гэту кнігу дапісаць і выдаць?

- Хацелася б, каб да гадавіны яна была гатовая. Але пабачым, як пакажа час.

- Вы ўжо прыступілі да напісання кнігі?

- Не, яшчэ не пачала.

- А калі прыйшла ідэя напісання кнігі?

- Ідэя гэтая была даўно. Яшчэ калі мама была жывая, мы меркавалі, што яна павінна напісаць кнігу. Пасля, калі яе не стала, я зразумела, што павінна закончыць распачатую ёю справу.

- Вы будзеце пісаць адна ці можа разам з сястрой?

- Не абмяркоўвалі яшчэ гэта.

- Але такое магчыма?

- Магчыма, канешне.

- А як Ваш бацька паставіўся да намеру напісаць кнігу?

- Ён канешне ўзрадаваўся і сказаў, што будзе чакаць, калі праз год кніга будзе гатовая.

 

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя