Кіраўніцтва Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ заклікае грамадзян 15 сакавіка ў 12.00 аднавіць ва ўрочышчы Курапаты крыжы, зламаныя вандаламі.
Нагадаем, днямі ў Курапатах адбыўся акт вандалізму: невядомыя зламалі 36 крыжоў ва ўсходняй частцы ўрочышча. “Па маштабах гэты акт можна параўнаць толькі з восеньскімі падзеямі 2001 года, калі улады зрабілі спробу знішчэння Курапат і бульдозеры пачалі трушчыць крыжы ва ўрочышчы. Але беларусы абаранілі нашу святыню. З тае пары акты вандалізму сталі рэгулярнымі, і нам час ад часу даводзілася аднаўляць крыжы і памятныя знакі на тэрыторыі народнага мэмарыяла”, — заявіў БелаПАН сакратар управы КХП-БНФ Валер Буйвал.
Ён мяркуе, што “злачынцы, як заўсёды, не будуць знойдзеныя і пакараныя, бо ўлада не зацікаўлена ў высвятленні праўды, а вандалы, якія здзейснілі злачынства, падтрымліваюць гэтую ўладу”.
Актывісты КХП-БНФ заклікаюць грамадзян прынесці з сабой інструменты, каб аднавіць паваленыя крыжы.







Каментары