Сённяшняя “Наша Ніва” распавядае сваім чытачам пра асобу гуру брытанскай PR-індустрыі Цімаці Бэла, якому адміністрацыя беларускага прэзідэнта нядаўна прапанавала заняцца паляпшэннем іміджу Беларусі ў вачох Захаду. Выданне паведамляе, што да Лукашэнкі кліентамі Бэла, акрамя апальнага расійскага алігарха Барыса Беразоўскага, былі экс-прэм'ер Таіланду Таксын Чынаўат, адхілены ад улады па абвінавачванні ў карупцыі, а таксама манархі Саудаўскай Аравіі.
“Наша Ніва” таксама паведамляе, што ўчора шпіталізаваны некалькі дзён таму вядомы беларускі паэт Ніл Гілевіч нарэшце пайшоў на папраўку. Гэты выпадак выданню каментуе брат Ніла Гілевіча Мікола Гіль, які пацвярджае факт перанесенага паэтам мікраінсульту, аднак кажа, што ён прайшоў без сур’ёзных наступстваў. Зараз Ніл Сымонавіч ужо можа хадзіць. Апроч гэтага, на старонках сённяшняй Нашай Нівы глядзіце фотарэпартаж з прайшоўшых нядаўна ў Страсбургу беларускіх дзён.
Асноўнай тэмай сённяшняга нумару “Салідарнасці” ёсць працяг гісторыі пра так званы “жывы шчыт”, з дапамогай якога ноччу на 2 сакавіка супрацоўнікі Мінскага ДАІ спрабавалі спыніць п’янага кіроўцу, што ўцякаў ад іх ад Слуцку. На сваіх старонках “Салідарнасць” паведамляе, што па падзеях той страшнай ночы беларускай пракуратурай усё ж была заведзеная крымінальная справа. Цяпер супрацоунікам ДАІ інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае артыкулам 424 Крымінальнага кодэксу “Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”, а самі ўдзельнікі жывога шчыту нарэшце прызнаны пацярпелымі.
“Салідарнасць” паведамляе сваім чытачам пра інсульт, які перанёс учора міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, а таксама апавядае пра запіс аднаго з лідэраў Моладзі БНФ Франака Вячоркі на сумоўе для паступлення на журфак БДУ, адкуль маладзёвы актывіст быў выключаны месяц таму.
Тэму “жывога шчыту” працягвае і “Комсомольская правда в Белоруссии”. У сённяшнім нумары выданне друкуе вялікую гутарку з кіроўцам, які і стаў прычынай здарэння. Раман, якога журналісты “Камсамолкі” знайшлі ў адным з мінскіх шпіталёў, кажа, што вадзіцельскіх правоў ён не меў ніколі ў жыцці, аднак ужо 7 год спакойна абыходзіцца без іх. 27-гадовы хлопец, што працуе будаўніком у Мінску, тры разы быў судзімы, а за кратамі за сваё невялікае жыццё агулам правёў больш 10 гадоў.
Што да афіцыйных выданняў, то асноўнай тэмай свежага нумару “СБ” ёсць сённяшні дзень канстытуцыі – выданне друкуе вялікі матэрыял пра асноуны закон краіны, а таксама месціць афіцыйнае віншаванне з гэтай нагоды прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Апроч гэтага, газета друкуе на сваіх старонках матэрыял, прысвечаны будучаму будаўніцтву у беларускай сталіцы бізнес-цэнтру “Мінск-Сіті”, што неўзабаве мае паўстаць на месцы цяперашняга сталічнага аэрапорту “Мінск-1”.




