17-03, 12:16

Агляд беларускай прэсы за 17 сакавіка

Інтэрнет-выданне “Беларускія навіны” аналізуе апошні беларуска-амерыканскі канфлікт. Як адзначае рэсурс, на першы погляд падаецца, што ў ім удзельнічаюць два бакі. Але калі паглядзець глыбей, то можна пабачыць, што канструкцыя канфлікта шматкутная. У яго ўцягнутыя таксама Еўрасаюз і ў нейкай ступені Расія. Прычым пазіцыі вялікіх гульцоў адносна Беларусі адрозніваюцца.

Калі ЗША схільныя да сілавога варыянту дэмакратызацыі Беларусі, аказваючы ціск на ўлады праз эканамічныя санкцыі, то Еўрасаюз шукае кропкі стасавання з афіцыйным Мінскам, каб праз эканамічную інтеграцыю прымусіць Лукашэнку правесці дэмакратычныя рэформы. Цалкам верагодна, што афіцыйны Мінск паспрабуе згуляць на гэтых супярэчнасцях і прадставіць ЗША у вачах Еўропы вінаватымі ў зрыве пацяплення адносінаў, якое толькі-толькі пачалося. Такім чынам, Еўрасаюз можа атрымаць лаўры галоўнага дэмакратызатара Беларусі”, - адзначаюць “Беларускія навіны”.

Газета “Ежедневник” падсумоўвае вынікі працы народнай гаспадаркі за студзень і люты. На фоне правальнага студзеня, паказчыкі за два месяцы выглядаюць даволі няблага. Асноўны эканамічны індыфікатар - рост ВУП – склаў за студзень-люты 109,9%. Гэта нават вышэй за зацверджаны Лукашэнкам прагноз (108-109%), але ніжэй за ўстаноўленыя ўрадам падвышаныя заданні – 111%. Аб’ём вытворчасці прадукцыі прамысловасці з пачатку году павялічыўся на 12,9%. Але самае цікавае, піша “Ежедневник”, - гэта рост показчыка па вытворчасці спажывецкіх тавараў. За стузень-люты ён дасягнуў 114%, у тым ліку прадуктаў харчавання – 115%. Феномен гэтых лічбаў, з аднаго боку, можна патлумачыць ростам цэн, але, з іншага боку, статыстыка падае лічбы з улікам інфляцыі. Гэта ўжо палстава для правядзення больш грунтоўнага аналізу эканамічнага становішча Беларусі.

“Капенгаген, Парыж ці Мадрыд яна наведвае з уражаннем, што вяртаецца ў сваю вёску. Дзяўчына, падобная да кіназоркі “новай хвалі”, прыхільніца імпрэсіянізму, палітык, які прамаўляе з трыбуны пад “Пагоняй” – гэта ўсё Івонка Сурвіла, сёмы прэзідэнт Рады БНР -- апошняга ў Еўропе ўраду ў выгнанні”, - піша газета “Салідарнасць” у артыкуле “Дарога Івонкі”. Выданне друкуе нйбольш цікавыя моманты з кнігі ўспамінаў апошняга прэзідэнта БНР, прэзентацыя якой адбылася ў Беларусі.

Мемуары Івонкі Сурвілы сталіся першымі ўспамінамі кіраўніка Рады БНР пра яе гісторыю. Трох старшыняў – Міколу Абрамчыка, Вінцука Жук-Грышкевіча і Язэпа Сажыча -- яна ведала асабіста. Дагэтуль захоўвае словы, якія напісаў ёй калісьці ў маленькай кніжачцы аўтографаў Мікола Абрамчык, які быў старшынём Рады на выгнанні 27 гадоў: “Маленькай, але бравай беларусцы, Івонцы Шыманец, што так моцна змагаецца за сваю беларускасць”.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя