Інтэрнет выданне “Беларускія навіны” распавядае пра арышт 12 сакавіка ў Мінску грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра, які з’яўляецца спецыялістам па барацьбе з адмываннем грошай. Месца знаходжання затрыманага дагэтуль невядомае. Як паведаміў выданню брат арыштаванага Марк Зельцэр, эксперт выляцеў у Лондан на сустрэчу з кліентамі, чые актывы маюць таксама і беларускую прапіску.
Там ён атрымаў беларускую візу і разам са сваім сакратаром Уладленай Функ, якая мае грамадзянства Расіі і від на жыхарства ў ЗША, накіраваўся ў Беларусь. Адразу ж пасля прылёту амерыканец быў затрыманы. Амбасада ЗША пакуль нічога не каментуе, спасылаючыся на закон аб абароне асабістага жыцця. У асяроддзі затрыманага юрыста мяркуюць, што арышт Эмануіла Зельцэра можа быць звязаны з яго сувязямі ў алігархічных кругах Расіі.
“Комсомольская правда в Белоруссии” піша пра жудасную аварыю, якая адбылася днямі на вуліцы Багдановіча ў Мінску. Ад удару аб слуп машына “Аудзі” развалілася напалам. Але кіроўцу пашанцавала: яго праз дзверы выкінула на вуліцу. “Я вачам сваім не паверыў, калі ўбачыў разламаную машыну і жывога кіроўцу!” – распавёў “Комсомолке” сведка здарэння. Кажуць, што выратавала кіроўцу тое, што ён быў у момант сутыкнення не прышпілены рамянём бяспекі.
Газета “Салідарнасць” друкуе інтэрв’ю з вядомым расійскім журналістам і тэлевядучым Сяргеем Дарэнкам, якое той даў “Інтэрфаксу”. Як высветлілася, не так даўно спадар Дарэнка набыў ў Мінску ў Траецкім прадмесці кватэру. Свой выбар тэлевядучы тлумачыць так: “Я абраў гэтае месца, таму што ў вакно бачышь Свіслач, бачышь лужайку наперадзе. Гэта правільнае месца, каб прыехаць, купіць паболей сальцісон і крывяной каўбасы, нарэзаць гэта, сесці каля падваконня і глядзець на Свіслач. І пісаць што-небудзь”.
“Рэспубліка” уздымае тэму медычных абследаванняў, якія з гэтага году павінен праходзіць кожны беларус. Такім чынам дзяржава спрабуе скіраваць свае высілкі не на лекаванне захворванняў, а на іх прафілактыку. Як паказвае практыка, гэта значна танней. Да таго ж, штогадовы медычны агляд будзе спрыяць выяўленню на ранняй стадыі шэрагу небяспечных для жыцця захворванняў, у тым ліку анкалагічных, эндакрынных ды лёгачных. З 15 лютага ў паліклініках ужо адкрытыя асобныя кабінеты, дзе кожны жадаючы можа бесплатна прайсці поўнае медычнае абследаванне, піша “Рэспубліка”.
У “Народнай газеце” можна прачытаць пра тое, як учора ў Мінску сустракалі беларуска-расійскі экіпаж самалёта “Ил-76”, які амаль паўгода адпрацаваў у Антарктыдзе і перавёз за гэты час 600 тонаў грузаў і даставіў каля 400 вучоных з дваццаці краін свету. У 2006 годзе Беларусь далучылася да Дамовы аб Антарктыцы і аднавіла навукова-даследчую працу на гэтым матэрыку. Зараз на поўдні знаходзяцца чацвёра беларускіх палярнікаў. Яны рыхтуюць базу "Гара Вячэрняя" для наступнай экспедыцыі.




