У БДУ не хапае кадраў прыёмнай камісіі і аўдыторый для правядзення сумоўя. А да завяршэння запісу на сумоўе яшчэ больш за 10 дзён.
Як паведаміла Рацыі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Хухлындзіна, на 19 сакавіка для праходжання сумоўя запісана больш за 1500 чалавек. Найбольшая колькасць з іх жадае навучацца па спецыяльнасцях “правазнаўства” і “эканамічнае права”.
“Калі параўноўваць з тым, якая колькасць абітурыентаў падае дакументы на гэтыя спецыяльнасці, то цяпер колькасць заяўнікаў перавышае тую колькасць, якую мы звычайна прымаем, - кажа Людміла Хухлындзіна. – Прыкладам, на спецыяльнасць “мытная справа” летась было пададзеная крыху больш за 80 заяў. А на сённяшні дзень для праходжання сумоўя на гэту спецыяльнасць запісалася больш за 160 чалавек”.
Гэты факт спадарыня Хухлындзіна тлумачыць тым, што многія падаюць заявы на ўсякі выпадак. Маўляў, калі пройдуць сумоўе, будуць спрабаваць далей рухацца ў гэтым накірунку, а калі не – пойдуць на іншую спецыяльнасць, дзе сумоўе не патрэбна.
Як бы там ні было, у прыёмнай камісіі БДУ з кожным днём прыбаўляецца праблем. ВНУ вымушана павялічваць колькасць адпаведных прафесійных камісій, шукаць дадатковыя аўдыторыі і, хутчэй за ўсё, давядзецца шукаць дадатковыя дні для правядзення сумоўя. На гэта Людміла Хухлындзіна сказала: “А што рабіць? Будзем вырашаць праблемы. Мы ж не адправім чалавека, калі ён прыдзе да нас”.
Наталля ЯКАВЕНКА




