Клічуць яго Алесь Байдакевіч. Ён паляціць у космас у ноч на Івана Купалу (з 6 на 7 ліпеня) з пляцоўкі ў Мінску. Палёт мае быць гераічным і знакавым. Касманаўт звязе з сабою ўсё, што замінае беларусам жыць па-чалавечы. Гераізму Алесю Байдакевічу дабавіць тое, што ракета, у якой ён паляціць, будзе самаробная, а знакавасць падкрэсліцца таямнічасцю – ён будзе ў масцы. Краіна, канешне, павінна ведаць свайго героя, але не ў твар, бо Алесь Байдакевіч – найперш сімвал, а не канкрэтны чалавек.
Арганізатары надзвычайнага касмічнага палёту – расійскі часопіс “Крокодил” і беларускі мужчынскі часопіс “Доберман”. Свой праект яны назвалі проста – “Беларускі касманаўт”. А тое, як нарадзілася сама ідэя, патлумачыла супрацоўніца “Добермана” і каардынатарка праекту Аляксандра Раманава:
- Неяк да нас у госці прыехаў Сяргей Мастаўшчыкоў - галоўны рэдактар “Кракадзіла”. І тады спантанна нарадзілася гэта ідэя. Проста захацелася “пахуліганіць”, зрабіць нейкі рашучы крок. Насамрэч для чалавека няма нічога немагчымага. Для сродкаў масавай інфармацыі – тым больш. Вось мы і вырашылі праверыць гэта на практыцы. Наш інфармацыйны праект – спроба сабраць і аб’яднаць людзей вакол пэўнай ідэі. А ў кожнага чалавека свая трактоўка і сваё бачанне сутнасці праекту.
На ўсялякі выпадак беларускі касманаўт мае дублёра, прычым незвычайнага. Гэта актрыса Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава. На пытанне, чаму вырашыла стаць дублёрам, яна адказала так:
- Я лічу сябе ўнікальнай у сваім родзе, не падобнай ні да каго. І таму пагадзілася стаць дублёрам першага ў Беларусі касманаўта – нерэальнага, але які існуе як рэальны персанаж.
Касманаўту дазваляецца браць з сабой усё непатрэбнае, а Вольга Няфёдава, калі ёй давядзецца паляцець, вырашыла зрабіць наадварот:
- Я вазьму з сабой усё самае неабходнае: каханага, ката, шмат ежы і цёплыя рэчы. Праўда, каханы яшчэ не ведае, што можа паляцець са мной у космас. Ён даведаецца пра гэта ў апошні момант.
На месцы запуска ракеты будуць арганізаваныя народныя гулянні, кірмаш і выступленні талентаў. Той, хто прыдзе паглядзець на відовішча, можа прынесці і перадаць Алесю Байдакевічу ўсё, што не дае яму жыць па-чалавечы.
Наталля ЯКАВЕНКА




