“Беларусь сегодня” змяшчае на сваіх старонках стэнаграму круглага стала, прысвечанага 90-годдзю абвяшчэння незалежнасці БНР. Падчас дыскусіі галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч назваў гэтую падзею гістарычнай і заклікаў “некаторыя палітычныя сілы” адмовіцца ад манапалізацыі тэмы БНР. “Яны даюць ацэнку БНР, сыходзячы з уласных уяўленняў пра гісторыю, ставяць пытанне аб наданні 25 сакавіка статусу дзяржаўнага свята. Але я больш згодны з тымі, хто лічыць дадзеную падзею нацыянальным святам. Сам факт, што ўпершыню з гісторыі ў 1918 годзе, беларусы зрабілі спробу стварыць незалежную дзяржаву, – гэта заслугоўвае павагі”, - сказаў Якубовіч.
“Комсомольская правда в Белоруссии” распавядае пра скандальную гісторыю, што адбылася у Мінску. Два беларусы і тры расіяніны здымалі ў Мінску квартэры і пераабсталёўвалі іх пад здымачныя пляцоўкі, дзе рабіліся порнафільмы з удзелам дзяцей. Схема бізнэсу была простай: злачынцы рабілі порназдымкі і размяшчалі іх на платных сайтах у інтэрнэце. Прыбытак злачынцаў складаў каля 125 тысяч долараў у тыдзень.
Інтэрнет-газета “Беларускія навіны” аналізуе ўчарашняе пасяджэнне Савету міністраў Саюзнай дзяржавы, падчас якога расійскі прэм’ер Віктар Зубкоў выказаўся у падтрымку Беларусі ў яе канфлікце з ЗША. Але, як мяркуюць “Беларускія навіны”, гэта наўрад ці паспрыяе вырашэнню канфлікту і ўзмоцніць пазіцыі афіцыйнага Мінску. Хутчэй за ўсё - гэта была дзяжурная заява з боку Крамля, але далей за гэта кіраўніцтва Расіі не пойдзе. І будзе займаць стрыманую пазіцыю, чакаючы пакуль канфлікт знікне сам па сабе, лічаць “Беларускія навіны”.
Карэспандэнт “Рэспублікі” у артыкуле “Дыямант на залатым пярсцёнку” піша пра свае ўражанні ад наведвання Мазыра. Гэта адзіны горад у Беларусі, на гербе якога выява арла на блакітным фоне. “Чорны колер птушкі на палескім гербе — гэта зямля, блакітны фон — рака. Здаецца, ужо чатыры стагоддзі таму пры зацвярджэнні герба польскім каралём усё было перадвызначана — гэты край павінен быў стаць турыстычным цэнтрам”, - піша аўтар артыкулу. Але чым прыцягнуць увагу турыстаў да Мазыра? Пакуль што турыстычная інфраструктура ў горадзе слаба развітая, але перспектывы для паляпшэння сітуацыі ёсць.





