23-03, 11:03

У Беларусі святкуюць першы Вялікдзень

Што ёсць Вялікдзень для кожнага асабіста – прыхамаць календара ці нешта большае? Якім ён запомніцца сёння? З чым звязаны ў мінулым? Адмыслова для слухачоў Рацыі над гэтым разважаюць вядомыя ў Беларусі асобы. 

Пісьменніца Вольга Іпатава:

- Вялікдзень для мяне - найвялікшае свята разам са святам 25 сакавіка. Гэта яшчэ з часоў дзяцінства, калі мы разам з маёй бабуляй Вольгай хадзілі на набажэнства. Перад гэтым была ўсяночная, але на яе мы не маглі трапіць. Але затое рыхтавалі ўсе стравы і яйкі фарбавалі з вечара. Гэта сапраўды ўзгадваецца мне цяпер як вялікае свята, бо мы з бабуляй жылі ўдваіх тады. І цяпер я заўсёды стараюся гэты дзень адзначыць са сваёй сям’ёй.

Вялікдзень патрабуе ад вернікаў выканання розных рытуальных дзеянняў. І тут, у святочнай абраднасці, свянцонае фарбаванае яйка ды куліч займаюць асаблівае месца. Таму найперш з імі звязаныя ўспаміны дзяцінства, калі з’явіліся найбольш моцныя ўражанні ад свята.

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лоска:

- Для мяне Вялідзень – гэта Новы год. Я памятаю сябе малым, з чырвоным яечкам велікодным – такім, як на дзіцячых фотаздымках. Вялікдзень – светлы, добры дзень, які звязаны з матчынымі пачастункамі, пасхай і г.д.

Адна з асаблівасцяў святкавання Вялікадня – хаджэнне валачобнікаў у ноч з першага на другі святочны дзень. Валачобныя песні лічацца гімнам вясне, сонцу і цяплу.

Паэт Сяргей Панізнік:

- Дзеткі прыходзяць пад вакно і спяваюць “Алілуя”. У нас не было такога словаабазначэння “валачобнікі” – мы хадзілі ў Хрыстос. Песні “Хрыстос” былі велічальныя, спяваць іх трэба было кожнай сям’і і кожнаму чалавеку асобна.

З цягам часу старажытныя абрады паступова адыходзяць, асабліва ў гарадах.

Дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства “Вектар” Пятро Герасімовіч:

- Асаблівых традыцый у нашай сям’і няма. Але я памятаю, як святкавалі Вялікдзень мае бацькі, якія надавалі яму сапраўды вялікае значэнне. Гэта свята тады складала частку жыцця. Цяпер, калі мы жывем у горадзе, па звычцы адзначаем, але не так, як было раней.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Людміла Дзіцэвіч:

- Памятаюцца яйкі ў кішэнях новай сукенкі. Бацькі заўсёды на Вялікдзень куплялі мне сукенку, але яна, як правіла, была чамусьці летняя. І сандалі куплялі. І гэта была цэлая трагедыя, таму што ў наш Вялікдзень яшчэ ляжаў снег. А як жа было не выйсці на свята ў новай сукенцы і сандалях? Я рабіла адчайны ўчынак - выходзіла і лазіла па снезе. Такое было захапленне пачуваннем волі і новага, свежага. Канешне, адмарозіла ногі і было вельмі цяжка. Таксама я заўсёды захаплялася ўдзелам у свяце - абмазвала яйкам булкі, фарбавала яйкі, даставала з чыгуна з печы і выкладвала ў гаршчочак, церла хрэн на прыпечку пад комінам, бо інакш не магчыма было - сплачашся. І вось гэтае свянцонае на стале! Свянцонае, калі яно з касцёла, - і сэрца напаўняецца спакоем, упэўненасцю, урачыстасцю, шчасцем. У мяне гэтыя моцныя пачуцці ад Вялікадня засталіся і па сённяшні дзень. І дачка мая цяпер святкуе так жа, як і я. І на Вербніцу перад Чырвоным касцёлам сёлета ўся плошча была запоўнена. Такая святасць - гэта вельмі важна. Нацыя наша пачынае ўздымацца.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя