25-03, 10:30

Агляд беларускай прэсы. 25 сакавіка

25 сакавіка – 90-я ўгодкі з дня заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі – першай незалежнай беларускай дзяржавы. “Мінск стаў сталіцай менавіта пры БНР!” – паведамляе “Комсомольская правда в Беларуси” і распавядае аб БНР, якая мела лёсавызначальнае значэнне для беларусаў. Вядомы гісторык Уладзімір Ляхоўскі, які шмат гадоў вывучае архівы БНР, распавядае: “Упершыню Мінск набыў статус сталіцы ў 1918 годзе менавіта дзякуючы бацькам БНР! Першай сталіцай БССР, створанай у 1919 годзе, нядоўгі час быў Смаленск, пасля некаторы час Вільня і толькі пасля Мінск. Пасля вяртання бальшавікоў сталіца БНР была перанесеная ў Гародню. Атрымліваецца. Што дзеячы БНР зрабілі Мінск сталіцай амаль на цэлы год раней за бальшавікоў!”

Газета “Наша Ніва” падкрэслівае, што ад свята 25 сакавіка нельга чакаць нечага “звышнатуральнага”. “Тым больш, што сьвята гэтае пакуль ня выйшла за межы кола абазнаных і неабыякавых беларусаў. Хоць некаторыя незалежныя сайты і стварылі атмасфэру, у якой міжволі пачынаеш верыць, што “да сьвята рыхтуецца ўся краіна”. Для таго, каб гэта стала сапраўды так, а нашая мара пра 95 я ўгодкі стала явай, трэба працягваць запальваць ліхтары — друкаваць паштоўкі, выдаваць кнігі… І выводзіць пад сьвятло нашага ліхтара іншых”, -- піша “Наша Ніва”.

“Сам факт абвяшчэння БНР — знакавая падзея ў беларускай гiсторыi: па-першае, яна паскорыла працэс утварэння БССР, па-другое, яна мае трывалыя сувязi з сучаснасцю. Сённяшняя суверэнная дзяржава — Рэспублiка Беларусь, сённяшняе нацыянальнае самавызначэнне яе жыхароў — менавiта тое, аб чым марылi, да чаго iмкнулiся 90 гадоў таму дзеячы БНР. Нам варта захоўваць гэта ў памяцi i цанiць”, -- піша“Звязда”.  Аналізаваць гісторыю ўтварэння і значэнне БНР газеце дапамагае Мiхаiл Касцюк — акадэмiк Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, галоўны навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН, якi працуе ў аддзеле беларускай дзяржаўнасцi.

У газеце “СБ.Беларусь Сегодня” першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў характарызуе гістарычны шлях Беларусі за апошнія 14 гадоў: “Змяніўся побыт, харчаванне, адзенне, умовы жыцця, папрыгажэлі нашы вуліцы, стала больш прывабнай архітэктура. Людзі сталі больш забяспечанымі, -- сцвярджае Анатоль Рубінаў. -- Але галоўнае, змянілася псіхалогія людзей. Узмацніўся патрыятызм, вера ў сваю краіну, у яе будучыню. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўнікальнай асобе прэзідэнта краіны, які згуртаваў вакол сябе большую частку грамадства, паказаў простыя і ясныя шляхі нашага развіцця”.

“Рэспубліка” аналізуе віды і прычыны карупцыі, даючы слова прадстаўнікам праваахоўных органаў. Газета распавядае аб розных аспектах барацьбы з карупцыянерамі і аналізуе некаторыя крымінальныя справы. З аповеду вынікае, што карупцыя прыжылася ці не ва ўсіх дзяржаўных установах аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і г.д. А карупцыянеры лічаць за лепшае “атрымліваць хабар грашыма, часам у выглядзе аўтамабіляў, турыстычных і аздараўляльных пуцёвак, нерухомасці”.
 

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя