02-05, 12:08

Дзень Працы ў Віцебску святкавалі паасобку (фота)

Камуністы праўладнай КПБ і апазіцыйнай ПКБ усклалі вянок ды кветкі да помніка правадыру рэвалюцыі і правялі ля п’едэсталу невялічкія мітынгі. Мерапрыемствы былі несанкцыянаванымі.

“Правільныя” камуністы пра замову падобных акцыяў і не думаюць, а “калякінцы” аніякага адказу з гарвыканкама на сваю заяву так і не атрымалі. Міліцыянты падыйшлі, але, натыкнуўшыся на сяброў КПБ, вырашылі, што ўсё як мае быць. Разам у гэтай акцыі ўдзельнічала 25 чалавек – прыкладна з абодвух бакоў пароўну.

Афіцыйныя мерапрыемствы таксама шматлюднымі не былі. Мясцовыя ўлады адчынілі Дошку гонару. На плошчы Свабоды арганізавалі традыцыйны кірмаш.

Гітом свята сталася адкрыццё сезону ў Летнім амфітэатры. Са сваёй праграмай выступіў тэатр галоўнай спявачкі краіны, “твару Беларусі” Ірыны Дарафеевай. Разам з ёй у першым канцэрце сезона, які стаў першым у межах агульнарэспубліканскай грамадска-культурніцкай акцыі “Мы – беларусы”, прынялі удзел Георгій Калдун, Іван Буслай ды Алена Ланская. Ажыятажу, каб трапіць на гэтае відовішча, не было. Збалаваная віцебская публіка ашчаджае рэсурсы на больш знаных “зорак”.

Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя