7 траўня – Дзень радыё, тэлебачання і сувязі. Рацыя, віншуючы сваіх супрацоўнікаў, калег з іншых радыёстанцый і слухачоў, вырашыла згадаць некаторыя этапы развіцця беларускага радыё ў часы незалежнасці.
Выбуховае развіццё беларускага FM пачалося ў 1993 годзе, калі ў эфіры з’явілася першая беларуская камерцыйная радыёстанцыя “Радио BA”. За першапраходцамі з’явіліся наступнікі - цяпер у Беларусі працуе каля двух з паловай дзесяткаў FM-станцый. Нядаўна вяшчанне пачалі два інтэрнет-радыё, якія робяць адмыслоўцы і пачынальнікі FM ў Беларусі.
За 15 год працы беларускіх FM-станцый з ліку іх супрацоўніказ і дыджэяў выйшла нямала славутых і, можна нават сказаць, культавых асобаў. Адзін з іх - Аляксандар Крывашэеў, вядомы таксама пад мянушкай Памідораў. За яго плячыма праца на “Радио ВА”, “Радио Рокс", “Альфа Радио”. Яго агульны радыйны стаж - амаль 20 год. Але ў пэўны момант Аляксандар Памідораў з FM-эфіру знік. Цяпер вярнуўся - вядзе ранішняе шоу на станцыі “Мелодии века”. Аляксандр кажа, што ў эфір пускае выключна добрую музыку ды не паддаецца на модныя тэндэнцыі, якія ахапілі сучасных дыджэяў. У вольны час Аляксандр Памідораў беларускія FM-станцыі не слухае:
- Мяне не цікавяць асобы дыджэяў, розныя гульні з іх прызамі. Мяне не цікавіць музыка, якая гучыць на большасці беларускіх станцый. Мне гэтая музыка не тое, што недаспадобы. Я за такую музыку гатовы забіць.
Зніжэнне рэйтынгаў і пагаршэнне якасці беларусікх “эфэмак” пачалося пасля ўвядзення ў жыццё ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі аб 75% беларускай музыкі ў эфіры. Музычныя рэдактары тады казалі, што яны не супраць круціць творчы беларускіх аўтараў, але толькі калі яны будуць якаснымі і, галоўнае, фарматнымі. Кіраўнік творчых паректаў “Альфа Радио” Сяргей Ражкоў кажа, што славутыя 75% папросту забілі панятак “фармат” у FM-прасторы:
- Усё, што нейкім чынам навязваецца ідзе ў любым разе не на карысць.
Пасля ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы FM-станцый фарматнасць перастала існаваць. Усе радыёстанцыі цяпер - на адзін твар, кажа Сяргей Ражкоў. Свае словы ён падмацоўвае прыкладам з практыкі:
- Калісці была радыёстанцыя “Сталіца” - цудоўная, на мой погляд. Яны вяшчалі на беларускай мове, казалі па-беларуску. Супер, у іх быў свой фармат! Але яны сталі такімі, як усе.
Аднатыпнасць усіх станцыяў прымусіла адмыслоўцаў FM-вяшчання шукаць новыя шляхі для самарэалізацыі. У 2008 годзе ў інтэрнеце пачаў працу праект NETradio.by. Вядзенне вяшчання праз сеціва дазваляе пазбегнуць неабходнасці выканання нормы ў 75% беларускай музыкі. Ды і прасторы, каб разгарнуцца куды болей, кажа кіраўнік NETradio Глеб Марозаў:
- З’явілася магчымасць самім нечым заняцца. Не самому кіраваць, а будаваць.
Перанясенне вяшчання ў інтэрнет спадабалася многім адмыслоўцам FM-станцый. Амаль адначасова з NETradio у сеціве пачала працаваць радыёстанцыя самага папулярнага беларускага партала TUT.BY. Шэраг драбнейшых праектаў былі ў інтэрнеце і раней. Глеб Марозаў упэўнены, што сеткавае вяшчанне дасць слухачу галоўную магчымасць – магчымасць выбару:
- Шмат “нішавых” станцый: калі музыка пэўнага накірунку грае на пэўным канале. На іншым канале – музыка іншага накірунку. Такім чынам можна арганізаваць шмат каналаў. Няма частот, ёсць спасылкі і адрасы.
Верагодна, што менавіта інтэрнетавыя станцыі дапамогуць беларускай радыёпрасторы пазбавіцца аднастайнасці і прапанаваць слухачу розныя прадукты. Галоўны дэфіцыт на гэтым рынку цяпер і станцыі ў фармаце talk-radio. Амаль поўная адсутнасць музыкі ды размовы 24 гадзіны на суткі. Размоўны фармат звышпапулярны ў Злучаных Штатах ды Еўропе. Ці магчыма з’яўленне такога радыё у Беларусі? Аляксандр Памідораў упэўнены, што не:
- Нам пакуль што ў простым жыцці баўбатні хапае, каб выносіць яе ў радыё эфір. Гэта будзе нагружаць галаву.
Тым не меней, з вартых даверу крыніцаў Рацыі стала вядома, што адна сеткавая станцыя па хуткім часе запускае ў эфір размоўны канал. Яго аўтары пакуль не кажуць, калі праект пачне працу. Застаецца спадзявацца, што гэта будзе цікава і арыгінальна. Бо разнастайнасць стварае выбар. А выбар - гэта адзін з галоўных падмуркаў для пабудовы адкрытага грамадства.
Аляксей МІНЧОНАК




