09-05, 12:19

Канцэпцыя і акрэдытацыя

Паседжанні дыскусійнага клубу праходзяць ва ўправе Партыі БНФ штотыдзень. Учорашняе мерапрыемства ледзь не сталася аншлагавым. “Ці патрэбны нам такі “Белсат”?” – такая тэма дыскусіі анансавалася ў аб’явах у інтэрнэце. Вялося, што абараняць “Белсат” будзе журналіст Зміцер Падбярэзкі, а крытыкаваць – яго малодшы калега Севярын Квяткоўскі.

Паглядзець на гэты двубой прыйшло багата людзей, у тым ліку і журналістаў. Але на самім паседжанні высветлілася, што тэма крыху змененая – на “Які “Белсат” нам патрэбны?”, а Падбярэзскі з Квяткоўскім будуць не спрачацца, а весці канструктыўную дыскусію. Вядучая паседжання Арына Лісецкая распавяла Рацыі пра прычыну карэктыроўкі тэмы:

- Першапачатковая назва дыскусіі з’явілася выпадкова. Гэта не была наша афіцыйная пазіцыя. Бо мы разумеем, што беларусам патрэбна нармальнае тэлебачанне і цяпер, дзякуй палякам, у нас ёсць “Белсат”.

Афіцыйныя прадстаўнікі “Белсату” ад удзелу ў паседжанні дыскусійнага клуба адмовіліся – замест гэтага прапанавалі прысвяціць падобнай тэме выпуск аднаго з ток-шоў “Форум”. Паколькі афіцыйных асобаў не было, то і размаўляць удзельнікі дыскусіі вырашылі на неафіцыйныя тэмы. Зміцер Падбярэзскі распавёў пра свае асабістыя ўражанні ад знаёмства з сеткай вяшчання “Белсата”. Яна яму спадабалася:

- У сетцы было мала палітыкі. Дзякуй Богу, гэты канал ствараўся не дзеля таго, каб абслугоўваць апазіцыйныя ці пазіцыйныя партыі. “Белсат” у сваёй аснове – культурніцка-адукацыйны канал.

Прысутныя ў залі гледачы крытыкавалі “Белсат” за адсутнасць у яго эфіры аператыўных і цікавых навінаў. Зміцер Падбярэзскі, згодна адведзенай яму ролі, бараніў канал ад такіх атакаў.

- Пакуль не будзе вырашанае пытанне акрэдытацыі тых людзей, якія здымаюць навіны, патрабаваць ад іх якаснага прадукту проста не выпадае. Зараз людзі калі і здымаюць, дык здымаюць цішком. Што можна рабіць цішком, калі ты не можаш трапіць у тую ж Палату прадстаўнікоў і зняць там сюжэт?

Намінальны апанент Змітра Падбярзскага Севярын Квяткоўскі крытыкаваў “Белсат” за няслушны падыход да крэатыўнай часткі эфіру. Тэлеканал для беларусаў павінны рабіць беларусы, упэўнены Севярын.

- Каб канал быў максімальна цікавы ў Беларусі, крэатыў мусяць рабіць самі беларусы. У дадзеным выпадку беларусы, якія працуюць на “Белсат”, знаходзяцца ў ролі гастарбайтэраў.

Шмат спрэчак вялося і пра бюджэт каналу. Маўляў, з такімі вялікімі грашыма можна зрабіць добрае тэлебачанне за кароткі тэрмін. Прысутны ў залі аператар Уладзімір Бабарыка давёў усім, што тыя сродкі, якія мае “Белсат”, – зусім не вялікія ў параўнанні з сусветнымі тэлекампаніямі.

- Пяць год таму BBC здымала фільм пра Вольгу Корбут. Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін. Для здымак яны ездзілі ў Мінск, Маскву і Кіеў. Бюджэт – 1 мільён 300 тысяч долараў.

Найбольшая крытыка “Белсата” збольшага сыходзіла не ад удзельнікаў дыскусіі, а ад публікі ў залі. “У канала было шмат часу на падрыхтоўку, але ён і дагэтуль сыры”, - казалі гледачы. Зміцер Падбярэзскі гэты аргумент аспрэчваў:

- Каб раскруціць тэлеканал, патрэбна мінімум два гады. Пакуль што “Белсат” у эфіры толькі паўгады.

Дыскусія на тэму “Які “Белсат” нам патрэбны?” цягнулася больш за паўтары гадзіны. За гэты час удзельнікі спрэчак пагадзіліся хіба ў двух пунктах: каналу патрэбная ўцямная канцэпцыя і акрэдытацыя журналістаў у Беларусі.

Аляксей МІНЧОНАК

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя