Следам за лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславам Шушкевічам і лідэрам Маладога фронту Змітром Дашкевічам за будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі выказалася і Моладзь БНФ. Маладзёвая фракцыя партыі Лявона Баршчэўскага абвесціла пра пачатак кампаніі “За беларускую АЭС без расійскіх рэактараў”.
Гэты лозунг прапанаваў і аргументаваў эксперт Партыі БНФ па энергетычных пытаннях Станіслаў Гусак. На бліжэйшым Сойме БНФ яго прапанова яшчэ толькі будзе абмяркоўвацца, але Моладзь БНФ ужо выказалася ў падтрымку гэтай ідэі.
Тлумачыць адзін з ініцыятараў кампаніі “За беларускую АЭС без расійскіх рэактараў” Франак Вячорка:
- Моладзь БНФ ужо сёння пачынае кампанію па ўзняццю ўвагі грамадства да пытання будаўніцтва АЭС. З аднаго боку Партыя БНФ схіляецца да пазіцыі за будаўніцтва АЭС. Але нас насцярожвае тое, што галоўным пастаўшчыком рэактараў і змесціва для атамнай станцыі будзе Расія.
Актывістаў Антыядернай кампаніі, якія распачалі сваю дзейнасць яшчэ на пачатку гэтага году, выклікае абурэнне сам факт будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі. Актывісты гэтай кампаніі ўпэўненыя, што праблемы ядзерных адкідаў нельга вырашыць і будаўніцтва АЭС – гэта вялікая рызыка для ўсіх жыхароў краіны. Праўда да ініцыятывы Моладзі БНФ ставяцца з разуменнем. Кажа Ірына Волкава, прэс-сакратар Антыядзернай кампаніі:
- Добра, што ёсць розныя меркаванні, мы якраз і хочам дабіцца таго, каб меркаванне кожнага чалавека было пачутае. Калі яны выступаюць за будаўніцтва – гэта іх узважанае меркаванне, за якое яны адказныя. Насцярожвае тое, што нашы палітычныя партыі кажуць пра падтрымку будаўніцтва станцыі, але не пры гэтым рэжыме. Няўжо праз колькі год зменіцца сітуацыя ў мадэрнізацыі рэактараў?
Але ж Франак Вячорка кажа, што галоўная мэта іх кампаніі - дамагчыся, каб беларускую АЭС не будавала расійская кампанія.
- Будаўніцтва АЭС у Беларусі забяспечвае нашай краіне энергетычную і эканамічную незалежнасць. Але калі ўдзельнічаюць у гэтым расійцы, мы яшчэ болей прывязваемся да іх эканомікі. Наша пазіцыя: каб АЭС будавалі тыя, хто ўмее гэта рабіць: Швецыя, Францыя або Японія.
Ірына Волкава адказвае на гэта выказванне Франака Вячоркі:
- А якая розніца, хто будзе будаваць? На сёння няма рэактараў, якія б надта розніліся ад рэактараў “чарнобыльскага тыпу”. Таму Расія гэта будзе ці Швецыя – неістотна.
Прыхільнікі ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі ўпэўненыя, што іх апаненты апелююць збольшага да ядзернай фобіі. На іх жа думку, будаўніцтва АЭС павінна змяніць узровень энергетычнай бяспекі Беларусі, а таксама падняць эканоміку краіны на вышэйшы навуковы, тэхнічны і вытворчы ўзровень. Тлумачыць Франак Вячорка:
- Сёння антыАЭСаўская кампанія выглядае, як папулістычная. Магчыма, што большая частка беларусаў сёння супраць АЭС. Але гэта трэба разглядаць у звязку з аварыяй на ЧАЭС. Але калі мысліць глыбей, мысліць на будучыню – АЭС Беларусі як паветра неабходнае. Таму мы не далучаемся да Антыядзернай кампаніі, а будзем праводзіць сваю кампанію па ўзняццю грамадскай дыскусіі канкрэтна да пастаўшчыкоў рэактараў на наш АЭС.
Ірына Волкава прымае аргумент прыхільнікаў пабудовы АЭС у Беларусі:
- Так, сапраўды, аварыя на ЧАЭС – вялікі аргумент. Але цяпер мы не робім акцэнт на тое, што мы баімся паўтору гэтай трагедыі. Мы хочам, каб думка кожнага чалавека была ўлічана, каб грамадскаць брала ўдзел у абмеркаванні такіх пытанняў, як будаўніцтва АЭС.
Моладзь БНФ рыхтуе кампанію "За беларускую АЭС без расійскіх рэактараў" найперш як кампанію візуальную. Будуць выпушчаныя майкі, значкі, налепкі, банданы ды іншая атрыбутыка з лагатыпам кампаніі. Акрамя таго, актывісты збіраюцца ладзіць збор подпісаў супраць будаўніцтва расійскай АЭС у Беларусі, тэматычныя дыскусійныя клубы і грамадскія абмеркаванні праблемы.
Прыхільнікі Антыядзернай кампаніі ўжо правялі некалькі акцый, працягваюць распаўсюджваць улёткі па ўсёй краіне. А пры канцы чэрвеня ў Гродне, Брэсце і некаторых прыгранічных польскіх гарадах плануецца правесці шэраг рок-канцэртаў пад агульным дэвізам “За бяз`ядзерную Еўропу”.
Сяргей БУДКІН




