11-05, 13:49

У Гомелі пройдзе дабрачынны канцэрт “Новае сэрца”

Антон ДабрасельскіКанцэрт у падтрымку 13-гадовага Антона Дабрасельскага, які мае патрэбу ў перасадцы сэрца, арганізуецца гарадскім Цэнтрам культуры і гомельскім Рок-цэнтрам пры падтрымцы гарвыканкаму.

Адзін з арганізатараў канцэрта Сяргей Гаўрылін распавёў Рацыі, што мерапрыемства адбудзецца ў 17.00 17 траўня на адкрытай пляцоўцы каля Лядовага палаца і будзе бясплатным для гледачоў.

- Спачатку планавалася правесці канцэрт у закрытай залі, але цягам падрыхтоўкі стала зразумела, што акцыя вырастае да большага маштабу. Адметна, што ініцыятары дабрачыннай імпрэзы – грамадскасць, хаця, канешне, без падтрымкі гарвыканкаму канцэрт наўрад ці змог бы рэалізавацца.

Паводле Сяргея Гаўрыліна, сваю згоду на ўдзел у канцэрце ўжо далі такія вядомыя ў Беларусі гурты як Rasta, TT-34 і “Городская тоска”.

- Падкрэслю, што на канцэрте будуць самыя розныя стылі – ад рэпа да хард-кора, то бок ідэя дапамагчы хвораму хлопчыку на пакінула абыякавымі нікога з гомельскіх музыкаў. Гурты выступаюць без ганарараў, апаратура, сцэна, друк афішаў – усё робіцца бясплатна.

Гаўрылін дадаў, што зараз арганізатары спрабуюць дамовіцца наконт прамой трансляцыі канцэрта на гомельскім тэлебачанні.

- На сцэне будуць усталяваныя скрыні для ахвяраванняў гледачоў, аднак галоўны спадзеў – на ахвяраванні фірм і арганізацый. Зараз мы рассылаем факсы прадпрыемствам і фірмам з прапановай ахвяраваць публічна прама на сцэне.

Нагадаем, некалькі гадоў таму Антону Дабрасельскаму з Гомеля паставілі дыягназ “дылятацыйная кардыяміяпатыя”. Гэта невылечная хвароба, пры якой сардэчная мышца пераўтвараецца ў злучальную тканку, сэрца хутка павялічваецца ў памеры, і наступае смерць. У лістападзе 2007 года хлопчыку была зроблена ўнікальная аперацыя, падчас якой сэрца змясцілі ў сеткавы каркас, што замаруджвае яго рост. Мэта гэтай аперацыі - даць час на арганізацыю іншай аперацыі, па трансплантацыі сэрца. У Беларусі такія аперацыі яшчэ не праводзяцца, а для лячэння за мяжой неабходна больш за 500 тысяч еўра. Па стане на 7 траўня на аперацыю Антону сабрана 230 тысяч еўра.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі бацькам Антона адмовілі ў накіраванні за мяжу для правядзення гэтай аперацыі – палічылі нямэтазгодным з-за арганізацыйных цяжкасцей. Бацькам хлопчыка толькі дазволілі збіраць грошы на аперацыю. Але пасля хвалі публікацый у СМІ і рэзанансу ў грамадстве міністр аховы здароўя Васіль Жарко заявіў, што бярэ пад асабісты кантроль сітуацыю з хлопчыкам:

- Я загадаў усё праверыць і даць мне адказ наконт мэтазгоднасці рашэння камісіі па гэтаму хлопчыку.

Дабрачынныя рахункі для тых, хто жадае дапамагчы хлопчыку, адкрыты ў філіяле № 305 ААТ “ААБ “Беларусбанк” у Гомелі, МФА 151501663, УНП 400048193:

- у беларускіх рублях: транзітны рахунак № 3819382102987 на дабрачынны рахунак 000000004;

- у замежнай валюце: транзітны рахунак № 3819382106417 (для ўсіх валют):

на дабрачынны рахунак у еўра № 9780000000003,

на дабрачынны рахунак у доларах ЗША № 8400000000031,

на дабрачынны рахунак у расійскіх рублях № 6430000000005.

Прызначэнне плацяжу: “На Дабрасельскага Алега Валяр'янавіча для лячэння Дабрасельскага Антона”.

Інфармацыя пра ўжо сабраныя сродкі на сайце http://new_heart.at.tut.by/

Сайты Антона Дабрасельскага:

 http://new_heart.at.tut.by/ http://ineedheart.livejournal.com/

Лявон ЖДАНОВІЧ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя