Усе зніклыя экспанаты ўтрымлівалі каштоўныя металы.
Як паведаміў на прэсавай канферэнцыі намеснік міністра культуры Віктар Кураш, гэта высветлілася падчас інвентарызацыі музейных фондаў, якая ўпершыню адбылася летась.
Праўда, большасць з экспанатаў была раскрадзеная яшчэ напрыканцы 80-х гадоў. У асноўным махляры, збольшага самі супрацоўнікі музеяў, цікавіліся ордэнамі і медалямі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
- Па ўсіх фактах праводзілася расследаванне, былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, некаторых нават умоўна асудзілі. А па некаторых справах следчыя дзеянні пакуль працягваюцца, - сказаў В.Кураш.
Усяго ж падчас інвентарызацыі камісія Мінкульта не далічылася 2 743 экспанатаў. А агульная лічба каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў беларускіх музеях, складае 2 мільёны 857 тысяч 700 адзінак, паведаміў чыноўнік.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




