Прадстаўніца мастацкай гімнастыкі Валерыя Курыльская перамагла ў конкурсе "Каралева спорту-2007", які праводзіўся Нацыянальным алімпійскім камітэтам сумесна з Беларускай асацыяцыяй спартовай прэсы і газетай "Прессбол". Сёння ў Мінску адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў і прызёраў конкурсу.


Валерыя КУРЫЛЬСКАЯ, фота - ks.mega.by
Як паведаміў старшыня журы конкурсу віцэ-прэзідэнт НАК Міхась Кобрынскі, вызначэнне пераможца вялося па некалькіх крытэрах. Гэта не толькі прывабныя знешнія дадзеныя ўдзельніц, але і спартовыя дасягненні; трэнерская праца і вынікі ў гэтай вобласці; дзейнасць па развіцці жаночага спартовага руху і папулярызацыі спорту сярод жанчын і дзяўчынак; адміністрацыйная дзейнасць у вобласці спорту; папулярнасць удзельніцы сярод чытачоў газеты "Прессбол", вызначаная па выніках інтэрактыўнага галасавання на інтэрнэт-старонцы газеты.
19-гадовая Валерыя Курыльская набрала ўсяго 11% чытацкіх інтэрнэт-галасоў, але была названая журы ў якасці пераможцы па дадатковых крытэрах, паведаміла БЕЛТА. Сярод яе спартовых дасягненняў - бронза чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы. А мінулай восенню яна ўжо ў якасці мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці Беларусі стала ўладальніцай тытула "Міс талент" на конкурсе прыгажосці "Міс Еўропа і свету - юніёр 2007" у сталіцы Чэхіі Празе, увайшоўшы ў пяцёрку лепшых..
Паспрабаваўшы сябе ў мадэльным бізнэсе, Валерыя Курыльская памкнулася было сысці з вялікага спорту, аднак раздумала і вырашыла рыхтавацца да Алімпіяды-2008 у Пекіне. Выступаючы на ўзнагароджанні, уладальніца тытула "Каралева спорту-2007" прызналася, што не чакала такога рашэння журы, паколькі ў спартовым плане мінулы год для яе не атрымаўся. Падзякаваўшы за прызнанне, Валера паабяцала, што пастараецца падмацаваць сваё званне "Каралевы-2007" новымі спартовымі дасягненнямі. Арганізатары ўручылі пераможцу галоўны прыз - пазалочаны швейцарскі гадзіннік.
Прыз чытацкіх сімпатый дастаўся біятланістцы Дар'і Дамрачовай, якой падалі перавагу 24% чытачоў "Прессбола", якія ўзялі ўдзел у галасаванні на інтэрнэт-старонцы газеты. Гэта лепшы вынік сярод усіх канкурсантак. 15% галасоў набрала плаўчыха Ірына Васіленка, якая рыхтуецца да выступу на Параалімпіядзе-2008 у Пекіне. Ёй уручаны адмысловы прыз ад Беларускай асацыяцыі спартовай прэсы. А чароўнай прадстаўніцы кікбоксінгу Карыне Аляксандравай (13% чытацкіх галасоў) прысуджаны тытул "Міс фота".


Дар'я ДАМРАЧОВА


Ірына ВАСІЛЕНКА


Карына АЛЯКСАНДРАВА




