27-03, 12:39

Беларусь – Турцыя – 2:2

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе 26 сакавіка правяла ў Мінску таварыскі матч з камандай Турцыі. Гульня завяршылася ўнічыю — 2:2. Мячы ў гаспадароў забілі Віталь Кутузаў (на 35-й хвіліне) і Вячаслаў Глеб (на 64-й), у гасцей — Шанлі Тунджай (на 38-й) і Мецін Цюмер (на 71-й).

Беларуская зборная выступала ў такім складзе: Жаўноў (Хамутоўскі, 46), Філіпенка, Карыцька, Булыга, Пуціла (Шытаў, 88), Рамашчанка, А.Глеб, Сквярнюк (Пласконны, 24), Кутузаў (В.Глеб, 46), Кірэнкін, Кашэўскі.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге расчараваны вынікам матча.

"Я расчараваны тым, што мы не выйгралі, — сказаў нямецкі спецыяліст на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння сустрэчы. — Мы павінны былі выкарыстаць галявыя моманты. Калі б Слава Глеб на 82-й хвіліне забіў трэці мяч, ён бы мог стаць героем. Але стаў "паўгероем".

Б.Штанге, паводле яго слоў, задаволены гульнёй падапечных "у першыя 30 хвілін і апошнія 15, калі ўсе бачылі, як мы хацелі перамагчы".

"Каманда на правільным шляху, але наперадзе шмат "будаўнічай" працы, асабліва ў абароне, дзе мы пакуль не можам супрацьстаяць вялікім зборным. Трэба больш дынамічна дзейнічаць на флангах. Дзякуй богу, у нас ёсць яшчэ шмат часу да пачатку адборачнага цыкла чэмпіянату свету-2010", — зазначыў трэнер. Паводле яго прызнання, у матчы з Турцыяй не хапала паўабаронцы Аляксандра Кульчыя, які па дамоўленасці з трэнерам не прыехаў Мінск, паколькі 27 сакавіка згуляе ў складзе "Растова" ў стартавым туры першай лігі расійскага чэмпіянату. "Не хапала яго міжнароднага вопыту. Цяпер Аляксандра на яго пазіцыі замяніць няма кім, хаця мы імкнемся да ўзаемазамяняльнасці", — сказаў Б.Штанге.

"Мы абяцаем усім вам, што пабудуем моцную каманду, створым добры калектыў", — падкрэсліў трэнер.

Наступны таварыскі матч зборная Беларусі правядзе 27 мая ў Кайзерслаўтэрне супраць нацыянальнай каманды Германіі. //БелаПАН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя