Сёння ўначы па беларускім часе ў заключным матчы першага этапу чэмпіянату свету ў Канадзе зборная Беларусі перамагла французаў. Лік – 3:1. Шайбы ў нашых закінулі Калюжны, Угараў ды Касціцын-старэйшы.
Такім чынам, беларусы, заняўшы ў сваёй групе трэцяе месца, прабіліся ў адну з шасцёрак наступнага раунда. А першае месца дасталося швейцарцам, якія выйгралі ў шведаў з лікам 4:2. Па ўсім, каманда Швейцарыі пачынае ўваходзіць у эліту сусветнага хакею. Нагадаем, беларусы прайгралі швейцарцам з лікам 1:2, а шведам – 5:6.
У другім раундзе Беларусь разам з імі трапіла ў кампанію да Расіі, Чэхіі і Даніі. Першы матч нашы правядуць 9 траўня супраць расіян. Пачатак – а 20-й гадзіне.
Турнірная табліца па выніках першага этапу ў нашай шасцёрцы выглядае так:
Швейцарыя – 6 ачкоў
Расія – 5
Чэхія – 4
Швецы – 3
Беларусь – 0
Данія – 0
Другую шасцёрку склалі Канада, ЗША, Фінляндыя, Нарвегія, Германія, Латвія. Сенсацыяй стала непападанне туды славакаў. Ім давядзецца змагацца за выжыванне ў элітным дывізіёне.




