10-05, 09:51

Расію не адолелі

На чэмпіянаце свету ў Канадзе беларускія хакеісты прайгралі зборнай Расіі па булітах. Асноўны і дадатковы час завяршыўся з лікам 3:3, зборная Беларусі спачатку вяла 2:0, а потым саступала 2:3.

Шайбы ў нашай камандзе закінулі Андрэй Міхалёў (7.27), Дзмітрый Дудзік (11.53) і Аляксей Угараў (56.12). У расіян дзве шайбы забіў Максім Афінагенаў (23.54 і 53.51) і адну - Аляксандр Авечкін (47.21).

У серыі булітаў шайбы закінулі Дзмітрый Мялешка (Беларусь), Сяргей Мазякін і Аляксей Марозаў (Расія), не закінулі Сяргей Касціцын і Аляксей Угараў (Беларусь).

Суадносіны кідкоў - 23:56, штрафны час - 14:6.

Становішча каманд: Расія - 7 ачкоў (розніца шайб 13-8), Чэхія - 7 (14-7), Швейцарыя - 6 (6-8), Швецыя - 6 (16-10), Беларусь - 1 (9-12), Данія - 0 (4-17).

Адно ачко пакідае Беларусі шанец на выхад у чвэрцьфінал. 10 траўня зборная сустрэнецца з хакеістамі Чэхіі.

Капітан зборнай Расіі Аляксей Марозаў заявіў пасля гульні, што сустрэча з камандай Беларусі мусіць стаць добрым урокам для расіян.

Абаронца зборнай Беларусі Руслан Салей назваў вынік гэтай драматычнай сустрэчы прарывам.

- Не першы раз ужо гуляем з Расіяй такія напружаныя матчы. На жаль, не змаглі выйграць сёння. Тым не менш, гэта прарыў для нашых маладых хлопцаў, якім трэба паверыць у сябе. У нас добрыя хлопцы ў атацы, але нам не хапае добрых абаронцаў. Лічу, што ў нашай каманды ёсць будучыня.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя