Зборная Беларусі па хакеі страціла шанец на выхад у чвэрцьфінал чэмпіянату свету. Сёння ўвечары нашы хакеісты прайгралі чэхам па булітам 2:1. Асноўны час і овертайм скончыліся ўнічыю 2:2.
Беларусы адкрылі лік – шайбу закінуў Яраслаў Чупрыс, але Томаш Ралінек неўзабаве забіў шайбу нагой. Пасля кансультацый суддзя вырашыў, што гэта было зроблена ненаўмысна.
Андрэй Касціцын зноў вывеў каманду наперад, але хутка Алеш Каталік зноў зрабіў лік нічыйным.
У серыі булітаў шайбы закінулі Дзмітрый Мялешка (Беларусь), Радзім Врбата і Алеш Каталік (Чэхія), не забілі Андрэй Касціцын, Міхаіл Грабоўскі (Беларусь) і Патрык Эліаш (Чэхія).
Беларуская каманда ў выніку не патрапіла ў васьмёрку мацнейшых, таму ў бліжэйшы час можна чакаць сыходу Курта Фрэйзера з пасады галоўнага трэнера каманды. Бо нядаўна канадец заявіў, што не будзе кіраваць зборнай, калі ёй не ўдасца прабіцца ў эліту сусветнага хакея.




