13-05, 09:02

Уладзімір Беражкоў: Фрэйзер мусіць сысці ў адстаўку

Зборная Беларусі па хакеі прадэманстравала на чэмпіянаце свету цікавую гульню, але не выканала галоўную задачу – увайсці ў 8-ку мацнейшых. Двойчы беларусы былі ў адным кроку ад перамогі над вельмі моцнымі супернікамі – расіянамі і чэхамі. Але ў абодвух выпадках прайгралі па булітах. Чаго не хапіла нашай камандзе, каб паказаць неабходны вынік, Рацыя высвятляла ў спартовых спецыялістаў.

На думку галоўнага трэнера мінскага “Дынама”, экс-трэнера нацыянальнай зборнай (1993-1996) Андрэя Сідарэнкі, каманда пад кіраўніцтвам амерыканскага спецыяліста Курта Фрэйзера гуляла досыць упэўнена, хоць і не без хібаў. Перш за ўсё гэта тычыцца невыразных атакуючых дзеянняў, а таксама слабай рэалізацыі большасці:

- На маю думку, такімі напружанымі матчы з Чэхіяй і Расіяй атрымаліся і таму, што супернікі недаацанілі зборную Беларусі. Каманда гуляла другім нумарам, і гэта атрымоўвалася някепска. Але ў матчы са швейцарцамі нам трэба было перамагаць, і гуляць у больш атакуючы хакей. І вось у гэтым кампаненце як раз і не хапіла майстэрства. На жаль, не дапамаглі і заакаянскія легіянеры. Бачна было, што ў іх не засталося ні маральных, ні фізічных сіл пасля чэмпіянату НХЛ і матчаў за Кубак Стэнлі.

А вось галоўны рэдактар газеты “Беларусь сегодня”, у мінулым адзін з лепшых спартовых аглядальнікаў краіны Павел Якубовіч лічыць, што камандзе крыху не хапіла банальнага фарту:

- Відавочна, што наша каманда нічым не саступала супернікам, але буліты – гэта Божае наканаванне. Гэта не той выпадак, калі нашыя запісныя каментатары спрабуюць тлумачыць няўдачу дрэнным судзействам ці нейкімі іншымі абставінамі. У дадзеным выпадку нашай зборнай проста не пашанцавала.

Паводле спадара Якубовіча, каманда выглядала вельмі добра, і ў гэтым, безумоўна, ёсць заслуга амерыканскага трэнера Курта Фрэйзера:

- Я лічу, што толькі прыбыццё амерыканскіх спецыялістаў дазволіла раскрыць патэнцыял нашых гульцоў. Бо ядро каманды складаюць, як кажуць, крэпкія прафесіяналы. Не больш за тое. Хоць, канешне і Салей, і браты Касціцыны, і Кальцоў – гэта гульцы досыць сур’ёзнага ўзроўню, але усе ж большай часткай у камандзе сярэдненстатыстычныя хакеісты расійскага чэмпіянату. І вось з гэтых гульцоў за некалькі тыдняў Курт Фрэйзер здолеў зрабіць каманду з вельмі высокай матывацыяй. І здольнасць рэалізаваць гэтую матывацыю ў каманды была таксама вельмі моцная.

Рэдактар лепшай спартыўнай газеты Беларусі “Прессбол” Уладзімір Беражкоў таксама пазітыўна ацэньвае гульню зборнай Беларусі. Аднак на самы рашаючы матч з Швейцарыяй каманда настроіцца не здолела:

- Гэта быў чыста тактычны пралік. Было бачна, што Курт Фрэйзер не зусім добра ведае магчымасці гульцоў. Не можа падабраць аптымальныя “тройкі”. На маю думку, трэба было пакідаць тыя звенні, якія гулялі супраць Шведаў, і рабілі гэта досыць удала.

А што тычыцца вынікаў работы Курта Фрэйзера, то, як адзначыў Уладзімір Беражкоў, з пункту гледжання гульні, відавочны прагрэс у дзеяннях хакеістаў. Але з іншага боку, галоўная задача – увайсці ў 8-ку мацнейшых – не выкананая. Таму амерыканскі спецыяліст мусіць сысці ў адстаўку. Аднак вырашаць гэта будзе хакейная федэрацыя. Яе, як вядома, узначальвае міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя