Віленскія вуліцы Барбары Радзівіл, Замкавая, Майронё і праспект Гедыміна перакрытыя для праезду аўтатранспарту. У цэнтральнай частцы Старога гораду літоўскай сталіцы разгарнуўся штогадовы кірмаш Казюкаса.

Сюды ў гэтым годзе з'ехаліся народныя майстры не толькі з усёй Літвы. Уласнаручныя вырабы на кірмашы прэзентуюць таксама латышы, эстонцы, рускія, венгры і палякі. Колькасць рамеснікаў у гэтым годзе рэкордная - больш за 2,5 тысячы народных майстроў. На ўсенароднае свята завіталі нават віленскія індзейцы.


На кірмашы прадаюцца разнастайныя ганчарныя, ювелірныя, гарбарныя і кавальскія вырабы, скульптуры і маскі з дрэва і гліны. Традыцыйна ідзе гандаль сувенірамі з бурштыну. Сімвалам кірмашу стаў 14-метровы чарвячок Таўшкалюкас (Балбатун), які замяніў традыцыйную Вішту (Курыцу).


На думку арганізатараў, у будучыні Казюкас стане падзеяй еўрапейскага маштабу. Звязана гэта з тым, што ў наступным годзе Вільнюс будзе абвешчаны культурнай сталіцай Еўропы.

Кірмаш Казюкаса праводзіцца ў першыя выходныя сакавіка ў гонар заступніка Вільнюса Святога Казіміра. Найважнейшым атрыбутам з'яўляюцца велікодныя рознакаляровыя вербы, якія робяцца з высушаных траваў і кветак. Гісторыя кірмашу цягнецца ад 17 стагоддзя і не перапынялася нават падчас вайны і савецкай акупацыі краіны.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА




