Галоўная тэма большасці ўплывовых сусветных выданняў - выбары прэзідэнта. New York Times адзначае, што перамога Дзмітрыя Мядзведева на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі была абсалютна прадказальнай: ва ўмовах адсутнасці рэальнай апазіцыі, адміністрацыйнага ўмяшання і падтасовак іншага зыходу быць не магло.
Тым не менш, вынікі галасавання не прынеслі выразнасці. З аднаго боку, Мядзведзеў - досыць сур'ёзная фігура, і ён можа не пагадзіцца на асабліва цырыманіяльную ролю ў Крамлі, прагназуюць аналітыкі. З іншай – Пуцін па-ранейшаму застаецца вельмі ўплывовым чалавекам.
Зыход выбараў быў прадказальны, але выразнасці не прынёс, піша Sunday Telegraph. Аналітык Эдвард Лукас адзначае, што ўсе ведалі, хто пераможа, але ніхто да апошняга часу не ведае, што гэта значыць. Справа ў тым, што расійская палітычная сістэма, піша аўтар, практычна зачыненая для назіральнікаў. У сувязі з гэтым і расійцы ў большасьці сваёй змушаныя варажыць на кававай гушчы. “Мядзведзеў любіць рок-музыку і інтэрнэт, і нас пераконваюць, што ён – празаходні ліберал, - піша Лукас. - Магчыма, так і ёсць, але не меней верагодна, што ён з'яўляецца стаўленікам былых супрацоўнікаў КДБ, якія проста жадаюць надаць сістэме прывабны выгляд”.
Тэму працягвае і Wall Street Journal: пуціністы ў спецслужбах неадкладна зрэагуюць на любую спробу ўнесці адкрытасць у палітычнае жыццё. Таму, піша выданне, не варта паддавацца ілюзіям і верыць у прыход лібэральнага прэзідэнта. Ацэньваючы Пуціна, Захад у свой час глыбока памыляўся. І зараз не варта чакаць, што пераемнік, асабіста адабраны Пуціным, апынецца лепш, гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле.
Адказваючы на пытанне пра тое, як складзецца сумесная праца Пуціна і Мядзведзева, аналітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць такія тэрміны, як “тандэм”, “дыярхія” і “дуалізм”. Але ўсе гэтыя азначэнні чужыя Расіі, якая прывыкла належыць аднаасобнаму аўтакрату, адзначае аглядальнік The Guardian Люк Гардынк. Як менавіта будуць прымацца рашэнні ў Крамлі, застаецца толькі гадаць. Газета прыводзіць словы аналітыка Андрэя Рабава, які параўнаў сітуацыю з становішчам Францыі ў 1960-я гады: тады пераемнікі аўтарытарнага прэзідэнта Шарля дэ Голя ў рамках ранейшай канстытуцыі змаглі дзейнічаць цалкам па-іншаму.




