Паводле антрапалагічнага аналізу, новы расійскі прэзідэнт можа паспрачацца за званне самага малога ў свеце дзейснага кіраўніка дзяржавы.
Англійская The Guardians зрабіла атрапалагічны аналіз дадзеных Дзмітрыя Мядзведзева і параўнала яго з іншымі лідэрамі краінаў свету. Да ўчорашняга дня было відавочна, што самым малым з дзейсных прэзідэнтаў быў паўночна-карэйскі лідэр Кім Чэн Ір. Яго рост складае ўсяго 162 сантыметры. Адзіным, хто мог паспрачацца з карэйскім дыктатарам, быў прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі. Яго рост 168 см. Сарказі на 10 сантыметраў ніжэй за сваю жонку - былую мадэль Карла Бруні.
Але абранне Мядзведзева прэзідэнтам Расіі змяніла становішча. Нягледзячы на тое, што на перадвыбарчых плакатах ён стаіць плячом да пляча з Уладзімірам Пуціным, насамрэч рост Мядзведзева складае ўсяго 162 сантыметры. Каб гэта не было такім відавочным, журналісты вымушаныя здымаць новага прэзідэнта Расіі знізу, а калі побач з ім стаяць іншыя людзі, раяць выступаць на крок наперад.
Нагадаем, рост першага расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына – 187 см, Уладзіміра Пуціна – 170.
Аднак, калі браць за параўнанне былыя часы, то Мядзведзеў не такі ўжо і маленькі. Прыкладам, з 1867 па 1872 год прэзідэнтам Мексікі пяць разоў абіраўся Беніта Хуарэс, чый рост складаў усяго 135 сантыметраў. Энгельберт Дольфус, аўстрыйскі канцлер 1932-1934 гадоў, быў ростам 148 см. Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністр Ізраіля, меў рост 150 см, таксама як і Дэн Сяапін, фактычны лідэр Кітая ў 1980-е гады. Былы лідэр Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат узвышаўся над светам усяго на 155 см, а Мікіта Хрушчоў – на 158.




