07-03, 16:03

The Wall Street Journal: Лукашэнка-рэфарматар не такі ўжо нерэальны, як можа падацца

У артыкуле, апублікаваным у The Wall Street Journal, галоўны рэдактар англамоўнага веб-сайта радыё "Свабодная Еўропа" Люк Элнат аналізуе крокі беларускага прэзідэнта Александра Лукашэнкі і прыходзіць да высновы: нягледзячы на тое, што за апошнія тыдні большасць палітычных вязняў у краіне былі адпушчаныя на волю і Лукашэнка даў дабро на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску, аніякай "добрай волі" ў дзеяннях беларускага прэзідэнта няма.

На яго думку, Лукашэнка разумее, што Захад не ўсталюе з Беларуссю стасункаў пакуль дысідэнты будуць працягваць сядзець у турмах. Эканамічную палітыку Лукашэнкі аўтар называе бязглуздай, а палітычную тактыку - грубай.

Л.Элнат піша, што Лукашэнка цяпер адчайна патрабуе сяброў. Яго папулярнасць залежыць ад эканамічнай стабільнасці.

Але, адзначае аўтар, з тых часоў як Расія ў 2007 годзе падняла кошты на прыродны газ для Беларусі ўдвая, пазіцыі Лукашэнкі сталі больш хісткімі. Расія стала больш асцярожнай і менш зычлівай.

Таму змяненне поглядаў Лукашэнкі абумоўленае толькі тактычнымі меркаваннямі. Аднак Захад, па меркаванню аўтара, можа зрабіць гэтыя перамены незваротнымі, калі будзе "падганяць прэзідэнта і памятаць, што ў мінулым ён не раз зандаваў глебу тут і там, спрабуючы супрацьпаставіць Расію і Захад адзін аднаму".

Таму заходнія арганізацыі павінны настаяць на выкананні сваіх патрабаванняў, лічыць аўтар: вызваленне Аляксандра Казуліна, спыненне пераследу дысідэнтаў і ціску на СМІ і няўрадавыя арганізацыі, правядзенне сумленных выбараў. Л.Элнат нагадвае, што Беларусь заўсёды была для заходніх палітыкаў нейкім кур’ёзам. Аднак, працаваць з Лукашэнкам прыйдзецца, паколькі "апазіцыя расколатая і знаходзіцца ў заняпадзе, Беларусь не можа разлічваць на "каляровую рэвалюцыю" накшталт украінскай або грузінскай. Лукашэнка - адносна малады і здаровы лідэр, ён досыць папулярны ў краіне, асабліва ў сельскай мясцовасці. Як і іншыя дзяржавы посткамуністычнай Еўропы, Беларусь - краіна палітычных хамелеонаў, якія гатовыя ў любы момант адмовіцца ад сваіх слоў: Лукашэнка-рэфарматар не такі ўжо нерэальны, як можа падацца".

Еўропе, заключае аўтар, патрэбная стабільная і дружалюбная краіна. Акрамя таго, маральныя абавязацельствы прымушаюць ісці на збліжэнне з Лукашэнкам, "таму што Масква не зацікаўлена ў тым, каб Беларусь стала больш адкрытай.. і Крэмль не імкнецца забяспечыць дабрабыт беларускага народа".

Відавочна, Лукашэнка разумее, што без забеспячэння права ўласнасці, добра функцыянуючай судовай сістэмы і г.д., замежныя грошы наўрад ці пойдуць у Беларусь, упэўнены аўтар. Адмену правіла "залатой акцыі" Л. Элнат лічыць правільным крокам, а ўдзел Захаду здольны забяспечыць новыя падобныя крокі.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя