12-03, 16:07

Агляд міжнароднай прэсы 12 сакавіка

Многія еўрапейскія і амерыканскія газеты сёння каментуюць перамогу кандыдата на прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Барака Абамы ў праймерыз у штаце Місісіпі. Брытанская Daily Telegraph у звязку з гэтым піша пра скандальныя выказванне супрацоўніцы штабу Хілары Клінтан Джэральдзін Фэрара на адрас Абамы. Яна патлумачыла перамогу гэтага кандыдата тым, што ў яго чорны колер скуры. Абама вельмі абражаны гэтым выказваннем прадстаўніцы яго канкурэнткі.

Сённяшні нумар французкай Les Echos у звязку з інцыдэнтам прагназуе раскол у Дэмакратычнай партыі з-за варажнечы паміж двума партыйнымі кланамі. Тым больш, што гэта партыя цяпер да ўсяго заплямленая сэксуальным скандалам з удзелам губернатара штату Нью-Ёрк, дэмакрата Эліота Сітцэра, які карыстаўся паслугамі прастытутак.

Washington Post паведамляе пра электаральную перавагу Абамы над Клінтан, але адзначае, што перадвыбары ў Місісіпі нічога не высветлілі. “Дэмакратычная партыя завязла ў багне, якую сама сабе і стварыла.. Дэмакраты заляпалі свае боты жавальнай гумкай. Якую не змогуць адскрэбці…”, – так каментуе гэтую сітуацыю амерыканскае выданне.

Сённяшняя швейцарская Neue Zurcher Zeitung піша пра актывізацыю кантактаў Расіі з непрызнанымі Абхазіяй і Паўднёвай Асетыяй. Масква такім чынам дэманструе да чаго прыводзіць на постсавецкай прасторы прызнанне многімі краінамі незалежнасці Косава. “Расія спрабуе прывязаць пытанне аб тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі да свайго супраціву ўступлення гэтай краіны ў НАТА”, – адзначае швейцарскае выданне. Тым часам Тбілісі збіраецца падаць супраць Расіі пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека з патрабаваннем выплаціць кампенсацыю за страту Абхазіі.

Высокаму ізраільскаму палітыку забаронены ўезд у Злучанае Каралеўства. Пра такое рашэнне брытанскіх уладаў у адносінах да сябра Цэнтральнага камітэту ізраільскай партыі “Лікуд” Мошэ Фейгліна паведамляе сённяшняя The Times. Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі патлумачылі гэтаму ізраільскаму палітыку, што ягоныя публічныя выказванні могуць справакаваць нянавісць, гвалт і нават праявы тэрарызму. Фейглін вядомы сваімі экстрэмісцкімі выказваннямі. Прыкладам, ён заклікаў ізраільцян пачаць свяшчэнную вайну супраць іх ворагаў. Мошэ Фейглін у адказ абвінаваціў улады Вялікабрытаніі ў падтрымцы тэрарызму.

“П’яныя расійскія танкісты пашкодзілі жылы дом”, – пра гэтае здарэнне ў ваколіцах Екацярынбургу паведамляе ў сваім сённяшнім нумары польская газета Dziennik. Экіпаж зенітнага комплексу “Тунгуска” набраў у адной з вясковых крамаў гарэлкі , адразу ж яе выпіў і рушыў на базу. Не справіўшыся з комплексам п’яныя вайскоўцы ўехалі ў сцяну жылога дому. Кіраўніцтва базы спачатку сцвярджала, што прычынай аварыі сталі тэхнічныя праблемы, але вяскоўцы запісалі паводзіны п’янага экіпажу на камеры мабільных тэлефонаў. Нарэшце бакі дамовіліся – кіраўніцтва базы абяцала зрабіць рамонт дому, а вяскоўцы абяцалі больш не казаць пра п’яных танкістаў.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя