13-03, 17:38

Агляд сусветнай прэсы 13 сакавіка

Роспуск сербскага парламенту, “фактар Косава”, перадвыбарчая гонка ў ЗША і асоба Дзмітрыя Мядзведзева – асноўныя тэмы, якія хвалююць сусветную прэсу. Так, скандал сярод прыхільнікаў Хілары Клінтан і стварэнне гімна Косава – найбольш значныя матэрыялы EuroNews.

У барацьбе за званне кандыдата ў прэзідэнты ЗША Хілары Клінтан пачала губляць прыхільнікаў. З яе каманды выйшла супрацоўніца фінансавага камітэта яе перадвыбарчага штаба Джэральдзін Феррара. Яна была вымушаная падаць у адстаўку пасля сваёй заўвагі наконт колеру скуры суперніка Клінтан Барака Абамы. Ён жа ў перадвыбарчай гонцы мае 1.607 галасоў супраць 1.476 галасоў за Хілары Клінтан. Для выхаду ў фінальную частку выбараў кандыдатаў у прэзідэнты ЗША былой першай ледзі неабходна набраць не менш за 2.025 галасоў.

Парламент самаабвешчанай рэспублікі Косава паведаміў у СМІ пра пачатак конкурса на дзяржаўны гімн. У ім могуць узяць удзел усе, хто пажадае. Пераможца атрымае грашовы прыз у памеры 10 тысяч еўра. Музычныя творы, што прэтэндуюць на гімн, павінны быць “унікальнымі і арыгінальнымі”. Да гімна можна прыкласці словы, але наяўнасць тэкста да музыкі не абавязковая.

Як бы ў якасці тлумачэння змяншэння поспеху кандыдаткі ад дэмакратаў у прэзідэнты ЗША Хілары Клінтан расійская дзелавая газета “Взгляд” сцвярджае, што “амерыканцы больш не вераць у дэмакратыю. Яны перакананыя, што максімальны ўплыў у іх краіне і ў калідорах улады Вашынгтона маюць не палітыкі, а карпарацыі. Больш за тое, жыхары краіны згубілі веру ў сілу малога бізнесу, грамадскай думкі і няўрадавых арганізацый”. Выданне зацікаўлена таксама “фактарам Косава”, які “будзе вызначальным у сербскай палітычнай сістэме яшчэ не адзін год”.

“Прэзідэнт Сербіі Барыс Тадзіч 13 сакавіка распусціў Народную скупшчыну (парламент) і абвясціў аб правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў. Яны адбудуцца 11 траўня”, - паведамляе расійская газета “Коммерсант”. Роспуск парламента выкліканы палітычным крызісам, што пачаўся ў Сербіі пасля абвяшчэння Косава сваёй незалежнасці. Эксперты называюць будучыя выбары аднымі з найбольш важных у найноўшай сербскай гісторыі.

Брытанская газета Financial Times разважае пра далейшую палітыку Расіі з прэзідэнтам Мядзведзевым і прэм’ерам Пуціным. У выданні робіцца выснова, што “амаль ніякіх хуткіх зменаў у агрэсіўным тоне Расіі, узятым пры стасунках з ЕС у апошнія гады” не будзе. “Пуцін сам заявіў нямецкаму канцлеру Ангеле Меркель, што Дзмітрый Мядзведзеў, яго абраны пераемнік, будзе абараняць інтарэсы Расіі так жа цвёрда, як ён”, - піша газета.

Тым часам расійская газета “Новые Известия” распавядае пра двайніка Мядзведзева – жыхара Самары Аляксандра Ганчарова, які “адчувае, быццам прэзідэнтам выбралі яго”. Ён таксама сцвярджае, што супадзенне не толькі знешняе. “У нас падобна ўстроены галовы, і падобным чынам яны працуюць, - кажа двайнік Дзмітрыя Мядзведзева. – Мне блізкі і зразумелы гэты чалавек, і я бачу яго больш глыбока, чым іншыя”.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя