Косава зноў у цэнтры ўвагі міжнародных СМІ. Пасля новых узброеных сутыкненняў з сербскай абшчынай, паведамляе французская газета Liberation, паліцыя ААН учора была вымушаная адступіць з сербскай часткі Мітравіцы. 63 паліцэйскія, у тым ліку 27 палякаў і 20 французаў з KFOR, былі параненыя падчас гэтай успышкі гвалту, самага сур’ёзнага пасля аднабаковага абвяшчэння незалежнасці Косава албанскай большасцю 17 лютага.
Як піша The Times, учарашнія падзеі прымушаюць засцерагацца аднаўлення баёў на Балканах і ўзмацняюць напружанне ў адносінах паміж Захадам і Расіяй. “Сербы, якія захапілі будынак суду ў Мітравіцы, сутыкнуліся з паліцыяй ААН, якую падтрымлівалі ваеннаслужачыя НАТО. Гэтая акцыя павінна была засведчыць тое, што 120-тысячная сербская меншасць у Косаве не жадае змірыцца з аддзяленнем края. “Успышка гвалту разбіла надзеі еўрапейцаў на тое, што крызіс, які ўзнік з-за абвяшчэння незалежнасці, мінуў”, - піша “The Times”.
Італьянская La Stampa прыводзіць рэакцыю Паўночна-атлантычнага альянсу на падзеі ў Мітравіцы і пільна сочыць за крокамі Масквы. "Мы будзем дзейнічаць рашуча”, - так адрэагаваў на ўчарашнія падзеі прэс-сакратар НАТО Джэймс Апатурай.
“Місія невыканальная” – так брытанскія эксперты пішуць пра заданне, якое брытанскаму паліттэхнолагу-ветэрану Ціму Бэлу даручыў Аляксандр Лукашэнка. А менавіта гаворка ідзе пра паляпшэнне іміджу беларускага прэзідэнта на Захадзе. “Гэтага гуру ад піару, вядомага, перш за ўсё па арганізацыі выбарчых кампаній Маргарэт Тэтчэр, папрасілі распрацаваць стратэгію для паляпшэння непрыгожага іміджу Беларусі”, - адзначае ў сваім артыкуле The Guardian.
66-гадовы Бэл не ўпершыню мае справу з кліентам, у якога неадназначная рэпутацыя. Акрамя Тэтчэр, ён кансультаваў “па пытаннях будаўніцтва дэмкратыі” і ўрад Іраку. А пасля забойства дысідэнта Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе Бэл прадстаўляў інтарэсы Барыса Беразоўскага ў яго барацьбе з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, нагадвае The Guardian. Але Лукашэнка, на думку аўтара артыкулу, паставіў перад піаршчыкам самую складаную задачку. ЕС и ЗША ўнеслі Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва ў чорны спіс асоб, якім не даюць візаў. А ў 2005 годзе Кандаліза Райс нават назвала Беларусь “фарпостам тыраніі”.
Фінскі таблоід Hymy піша пра скандал зтамтэйшым міністрам замежных справаў Ілка Канерва, які выкарыстоўваў службовы мабільны тэлефон у асабістых мэтах. Дыпламат паслаў з яго каля 200 SMS бландынцы-стрыпцтызёрцы Ёхане Тукіайнен. У адным з ім міністр нават запытаўся, што на ёй апранута пад абцягваючай сукенкай. У другім SMS, які быў адпраўлены ў перапынку паміж паседжаннямі ўраду, Канерва прапанаваў, каб яны леглі ў ложак утрох: ён, 29-гадовая Ёхана і яе сястра Юлія, якая раней працавала ў порнаіндустрыі.




