Амерыканскі часопіс “Форбс” піша сёння пра затрыманне адваката Эмануіла Зельцэра. Амерыканца ўзялі пад варту, калі той выходзіў з самалёту, што прыляцеў у сталіцу Беларусі. “Форбс” піша пра адну з магчымых версій гэтага затрымання – загад аб затрымцы юрыста мог сыходзіць ад беларускіх ці расійскіх спецслужбаў у сувязі са справай Bank of New York. Дзевяць год таму Зельцэр паведаміў у камітэт Палаты прадстаўнікоў па банкаўскіх і фінансавых паслугах пра схему адмывання грошай праз гэты банк. Сума сягала 10 мільярдаў долараў. “КДБ дзейнічае не толькі ў адной краіне”, - прыводзіць “Форбс” меркаванне брата затрыманага Марка Зельцэра.
Дадамо, што дагэтуль невядома дзе ўтрымліваецца амерыканскі адвакат і ягоная сакратарка Уладлена Функ. Дагэтуль ім не прад’явілі аніякіх абвінавачванняў, хоць з моманту затрымання прайшоў ужо тыдзень.
Тэлеканал “Еўраньюс” паведамляе пра ўсеагульны страйк, які абвесцілі грэчаскія прафсаюзы.
Якраз сёння адбудзецца галасаванне па праекце ўраду аб рэформе пенсійнай рэформы, і прафсаюзы выказалі пратэст супраць яе перагляду. Тэлеканал цытуе словы прафсаюзнага лідэра Яніса Панагопуласа: “Пенсійная рэформа закране ўсе катэгорыі працоўных, у асноўным маладых людзей, які толькі пачынаюць працоўнае жыццё, але права іх будуць урэзаныя. Гэта датычыцца і прафесій, звязаных з рызыкай, і жанчынаў з дзецьмі, што працуюць. Вядома, што праз рэформу будуць скарочаныя і самі пенсіі, і гэта пры тым, што яны і так у нас самыя нізкія ў Еўрасаюзе”.
Адна з галоўных тэмаў сённяшніх газетаў – вайна ў Іраку. Менавіта 19 сакавіка – пятая гадавіна ад яе пачатку. Аўстрыйская “Дэр Штандарт” піша, што немагчыма падвесці адназначны вынік гэтай ваеннай кампаніі. Становішча ў некаторых гарадах пагаршаецца, але гэта акалічнасць не заўважаецца, бо адбываецца не ў цэнтры, а, напрыклад, у Басры, на поўдні Ірака. Затое на поўначы пры наяўнасці праблемаў знаходзяцца шляхі, што вядуць да дэмакратыі і прававой дзяржавы, чаго ў астатняй частцы Ірака нават уявіць цяжка, піша газета.
А вось “Нью-Йорк Таймс” звяртае ўвагу на фінансавы бок пытання і піша, што нават прыблізна ніхто не можа прадказаць кошт вайны ў Іраку. “На пачатку адміністрацыя Буша прагназавала, што на ваенную кампанію, аднаўленне парадку ды станаўленне новага ўраду пойдзе 50-60 мільярдаў долараў. А праз пяць год Пентагон ацэньвае кошт вайны прыкладна ў 600 мільярдаў долараў”, - зазначае амерыканскае выданне.
“Крык роспачы Далай-Ламы” - пад такім загалоўкам выйшла польская “Газета выборча”.
Духоўны лідэр Тыбету заявіў, што гатовы адысці ад справаў, калі сітуацыя ў аўтаноміі будзе непадкантрольнай. Гэта фраза мела вялікі эфект, бо гэты чалавек для жыхароў Тыбету – абсалютны аўтарытэт. Далай-Лама таксама пракаментаваў факт хваляванняў, што адбыліся ў аўторак, калі адбыліся сур’ёзныя сутычкі між тыбетцамі і кітайцамі. “Ужыванне сілы – заўжды зло, калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю, не будзе аніякага іншага варыянту, як адступіць”, - цытуе газета ягоныя словы.




