20-03, 14:42

Агляд замежнай прэсы за 20 сакавіка

“Замірэнне ў Тыбеце вельмі далікатнае і можа быць сарванае ў любую хвіліну. Але яно ўсё ж дасягнута. Прэм'ер Дзяржаўнай рады Кітая Вэнь Цзябао і Далай-лама размаўляюць адзін з адным, хай сабе нават на адлегласці,” - так цяперашнюю сітуацыю ў Тыбеце каментуе сённяшняя італьянская газета Corriere della Sera

Вэнь Цзябао зрабіў гэта ўскосна. Далай-лама ж - з выключнай сумленнасцю, якая і павінна супакоіць Кітай. "Калі тыбетцы абяруць шлях гвалту, то мы павінны будзем сысці ў адстаўку, таму што выступаем за абсалютную адмову ад гвалту. Мы самі павінны пакласці канец гвалту з боку і кітайцаў, і тыбетцаў", - кажа ён.

Большага, адзначае выданне, чакаць пакуль не прыходзіцца. Хіба што ў Пекіна зноў з’явіцца жаданне чарговы раз зняважыць лідэра тыбетцаў.

“Прамова Меркель у кнэсеце была пазбаўленая двухсэнсоўных намёкаў,” – так нямецкі друк каментуе нядаўні візіт дэлегацыі ФРГ у Ізраіль. “Ён быў адзначаны беспрэцэдэнтным у гісторыі сумесным паседжаннем абодвух урадаў і выступам старшыні нямецкага ўраду Ангелы Меркель у ізраільскім парламенце.” – піша нямецкая Frankfurter Allgemeine.

Аб поўнай нармалізацыі адносін паміж Нямеччынай і Ізраілем, адзначае газета, гаварыць пакуль усё ж не выпадае, бо яшчэ не так даўно ізраільскія палітыкі наагул адмаўляліся прымаць нямецкіх візіцёраў, а візіт Ангелы Меркель таксама выклікаў шырокія дэбаты аб тым, ці варта выступаць нямецкаму канцлеру ў ізраільскім парламенце, а калі і так, то на якой мове?

Прайшло трохі больш месяца пасля абвяшчэння незалежнасці Косава. У сувязі з гэтым сённяшняя італьянская La Repubblica друкуе інтэрв'ю з прэзідэнтам цяпер ужо незалежнага краю Фатмірам Сейдзіу.

Падчас нашай гутаркі, піша журналіст выдання, прыйшло паведамленне, што Харватыя, Балгарыя і Венгрыя прызнаюць незалежнасць краю, і Фатмір Сейдзіу задаволена ўсміхаецца: "Гэтая сітуацыя не толькі нас радуе, але і дае нам зразумець, што мы на правільным шляху. Безумоўна, шлях яшчэ доўгі і цяжкі, дастаткова хаця б узгадаць аб тым, што адбывалася ў Мітравіцы яшчэ пару дзён таму".

На пытанне аб тым, ці магчымае ў будучыні замірэнне з Сербіяй, косаўскі лідэр адказвае, што жадае гэтага ўсім сэрцам. “Мы працягнулі руку і можам толькі спадзявацца на тое, што яны будуць гатовыя паціснуць яе”.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя