25-03, 12:56

Агляд сусветнай прэсы. 25 сакавіка

EuroNews паведамляе: “Еўрапейскія кампаніі не хаваюць трывогі: курс еўравалюты і кошты на нафту б’юць рэкорд за рэкордам. Вялікі бізнес патрабуе ад урадаў краін ЕС прымусіць Еўрапейскі цэнтрабанк апусціць стаўкі па еўра. Эрнест-Антуан Сэльер, прэзідэнт саюза Бізнес-Юроп, што прадстаўляе 20 мільёнаў еўрапейскіх кампаній, заклікае ацэньваць гэтыя працэсы больш узважана. Але не адмаўляе, што глабальны фінансавы крызіс пагражае эканоміцы Еўропы”.

Дзмітры Мядзведзеў даў інтэрв’ю The Financial Times, у якім паведаміў, што чакае Расію ад 7 траўня – з часу яго інаўгурацыі. “Прыярытэтаў насамрэч некалькі, -- сказаў Мядзведзеў. – Гэта захаванне эканамічнай стабільнасці, развіццё эканамічных свабод, развіццё сацыяльных праграм і устойлівае становішча Расіі ў свеце”. Адносна сусветнага эканамічнага крызісу Дзмітры Мядзведзеў сказаў: “Я ўпэўнены, што мы нармальна падрыхтаваліся да рознага роду праблем, якія сапраўды ўзніклі на сусветным фінансавым рынку – і ў ЗША, і ў шэрагу іншых краін. Упэўненасці надае тое, што за апошнія восемь гадоў мы здолелі стварыць стабільную макраэканамічную сістэму. Нашы фінансавыя рэзервы, нашы золатавалютныя рэзервы як ніколі высокія і адлюстроўваюць агульнае становішча спраў у расійскай эканоміцы. Таму ў гэтым сэнсе мы застрахаваныя ад ваганняў, што адбываюцца на фінансавых рынках, але не закрытыя ад тых цяжкасцяў, якія перажывае сусветная эканоміка”.

The Wall Street Journal піша, што ЗША павінны правільна скарыстацца прамежкавым станам у кіраванні Расіяй. Пакуль Дзмітры Мядзведзеў не заступіў на пасаду прэзідэнта Амерыцы неабходна распрацаваць новы падыход у адносінах з Расіяй, бо цяперашняя стратэгія Злучаных Штатаў неэфектыўная. Найбольшую ўвагу пры гэтым трэба надаваць “нераспаўсюджанню ядзернай зброі і кантролю над узбраеннямі, у тым ліку адзінай пазіцыі ў адносінах Ірана і забеспячэнню бяспечнага захоўвання расійскай ядзернай зброі і матэрыялаў… Захад павінен заахвочваць больш эфектыўнае, больш падуладнае грамадству дзяржаўнае кіраванне ў самой Расіі. Гэта не будзе ўмяшальніцтвам звонку. Пытанне тычыцца нацыянальнай бяспекі”.

The New York Times звяртаецца да вайны ў Іраку і паведамляе аб 4000 загінуўшых на гэтай вайне амерыканцаў. Аднак гэта сумная лічба не спыняе прэзідэнта Буша, які заклікае засяродзіцца на дасягненні поспеху вайны ў Іраку.

Расійская газета “Коммерсантъ” паведамляе пра тое, што ўдава Аляксандра Літвіненкі, экс-афіцэра ФСБ, атручанага палоніем у 2006 годзе, запатрабавала ад брытанскіх уладаў працягу расследавання забойства яе мужа. Марына Літвіненка хоча даказаць, што ў справе замешаныя расійскія ўлады і настойвае на ўзнаўленні расследавання бо “няма ніякіх шансаў на тое, што галоўны падазроны брытанскім бокам у забойстве Аляксандра Літвіненкі расійскі бізнесовец, а зараз дэпутат Дзярждумы Андрэй Лугавы, будзе экстрадыраваны ў Вялікабрытанію для ўдзелу ў судовым разбіральніцтве”.
 

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя