Выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту атрымалі афіцыйны адказ Сенату гэтай навучальнай установы. Нагадаем, што яшчэ ў верасні група выкладчыкаў дэпартамента паліталогіі ЕГУ выказала нязгоду з прызначэннем кіраўніцтва дэпартамента і абвясціла аб магчымасці свайго сыходу з універсітэта.
Паводле іх версіі, адбылося парушэнне акадэмічных свабод, неабходных для дзейнасці навучальнай установы. Але Сенат універсітэта палічыў, што кадравыя прызначэнні на дэпартаменце паліталогіі былі зробленыя ў адпаведнасці са статутам універсітэта, і прыняў рашэнне не працягваць кантракт з выкладчыкамі, што падпісаліся, пра гэта распавёў Андрэй Казакевіч:
- Там не тое што звальненне, таму што тут пытанне бюракратычнае, выкладчыкі ў ЕГУ у прынцыпе не маюць працоўных дамоваў. Таму гэта не з'яўляецца звальненнем у чыстым выглядзе. Проста Савет прыняў рашэнне, што канфлікту ніякага няма, і тыя, хто падпісалі ліст, ужо не з'яўляюцца прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці ЕГУ. Такім чынам, прызналі, што мы ўсе не з'яўляемся ні супрацоўнікамі, ні выкладчыкамі, і адпаведна з намі не трэба заключаць кантракт. Гэта 7 чалавек.
Аўтары ліста, а гэта Андрэй Казакевіч, Андрэй Ягораў, Сяргей Богдан, Дзяніс Мельянцоў, Аляксей Дзермант, Таццяна Чыжова і Таццяна Вадалажская, паводле рашэння Сенату атрымалі афіцыйны адказ з адмовай працягваць працоўныя кантракты.
Сяргей Скулавец, Радыё Рацыя.








Каментары