16-04, 15:25

Агляд замежнай прэсы. 16 красавіка

Міжнародная прэса абмяркоўвае абранне дзеючага расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на пасаду старшыні партыі “Адзіная Расія”.

The New York Times адзначае, што Пуцін падрыхтаваў глебу для шматгадовага праўлення разам з Мядзведзевым. Учорашні з’езд “Адзінай Расіі” газета называе “аб’яднаннем у сваім абліччы элементаў амерыканскага палітычнага кангрэса, з’езда КПСС і карпарацыйнага прапагандысцкага мітынгу”. 

Нямецкая Frankfurter Rundschau лічыць, што Пуцін вырашыў загадзя пашырыць паўнамоцтвы кіраўніка ўраду, не чакаючы свайго прызначэння прэм’ер-міністрам. “Упаўнаважаныя прадстаўнікі прэзідэнта на месцах цяпер будуць падначальвацца прэм’еру, і ў рэгіёнах яны будуць стаяць над усімі рэгіянальнымі прадстаўнікамі федэральных міністэрстваў і ведамстваў”, - піша нямецкая газета.

Пра падвышэнне палітычнага аўтарытэту Пуціна праз абранне старшынёй “Адзінай Расіі” піша амерыканскае The Wall Street Journal.

“Узяўшы пад кантроль правячую партыю, Пуцін гарантуе сваю будучыню, што б ні здарылася з яго цяпер моцным сяброўствам з Мядзведзевым”, - піша іспанская El Pais.

Выданне Financial Times аналізуе прычыны, якія могуць пацягнуць за сабой канец амерыканскага панавання ў свеце. У гэтым пытанні аглядальнік газеты Рычард Хаас выдзяляе тры чыннікі. Першы – актыўнае развіццё новых краін. “Узлёт новых сіл нельга спыніць. У выніку пашыраецца колькасць гульцоў, якія здольныя аказваць рэгіянальны ці глабальны ўплыў. Прычына не ў тым, што ЗША сталі слабымі, - проста шмат якія сілы ўзмацніліся”, - піша Financial Times. Другая прычына завяршэння эры аднапалярнасці, па меркаванні газеты, - палітычны курс ЗША: “Як сваімі справамі, так і за кошт таго, чаго ў іх не атрымалася зрабіць, Злучаныя Штаты паскорылі працэс узнікнення новых цэнтраў магутнасці і аслабілі свае ўласныя пазіцыі ў адносінах да іх”. Financial Times піша пра адсутнасць энергетычнай палітыкі ЗША і неэфектыўнасць эканамічнай. “Прэзідэнт Буш вядзе дарагія войны ў Афганістане і Іраку, дазваляе выдаткам узрастаць на 8% на год і змяншае падаткі”, - падкрэслівае аглядальнік Financial Times. У выніку, ён прыходзіць да высновы, што “для сённяшняга аднапалярнага свету ўсё больш характэрная рассеянасць, а не сканцэнтраваная магутнасць. На змену аднапалярнасці прыйдзе не біпалярнасць і не шматпалярнасць, - а адсутнасць полюсаў, “беспалярнасць”.

Папа Рымскі Бенедыкт XVI выказаў шкадаванне з нагоды існавання сэксуальных скандалаў у каталіцкай царкве. Пра гэта піша англійская Independent. Як паведамляе выданне, “падчас учорашняга пералёту ў ЗША панціфік сказаў, што сэксуальныя злачынствы ў адносінах да дзяцей “вельмі цяжка адбіваюцца” на Царкве і на “мне асабіста”. “З 2002 года было зафіксавана больш за пяць тысяч выпадкаў спакушэння непаўнагадовых святарамі. Гэтыя скандальныя падзеі абышліся Царкве ў 2 мільярды долараў, якія пайшлі на кампенсацыі тым, хто пацярпеў”, - паведамляе Independent.

Кіраўніцтва футбольнага клуба “Чэлсі” плануе напрыканцы сезону правесці масавую чыстку, - піша лонданская The Times. Як стала вядома газеце, клуб могуць пакінуць да дзесяці гульцоў першага складу. “Гэта будуць самыя значныя змены за апошнія пяць год – з лета 2003 году, калі Абрамовіч атрымаўшы беспрэцэдэнтныя выдаткі пасля пакупкі клуба”, - адзначае выданне. Па інфармацыі The Times, “Чэлсі” можа прадаць такіх гульцоў, як Андрэй Шаўчэнка, Клаўдзіа Піцаро, Стыў Сайдуэл і Таль Бэн Хаім.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя