18-04, 10:36

Першую савецкую ракетную базу могуць зруйнаваць

Калі ракетную базу ў літоўскіх лясах недалёка ад узбярэжжа Балтыйскага мора не ўнясуць у спіс аб'ектаў нацыянальнага значэння, Нацыянальны парк Жамойціі страціць унікальны мілітарысцкі комплекс. Пра гэта паведамляе газета "Lietuvos zinios".

З гэткіх пабудоваў, на думку загадчыцы аддзелам аховы культурнай спадчыны Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі Ірмы Грыгайцене, у Еўропе засталіся адзінкі, між тым, як помнікаў барока, готыкі, натуральных ландшафтаў параўнальна шмат.

Грыгайцене прапануе шукаць партнёраў і пашырыць выкарыстанне былой падземнай ракетнай базы. Натуральна, у турыстычных мэтах. На тэрыторыі базы размешчаны падземны вайсковы музей, які штогод наведвае каля 14 тысяч турыстаў. Прываблівае іх сюды "савецкі дух".

Абаронцы культурнай спадчыны перакананыя, што на таемную пагрозу, на брутальнасць ваеннай сілы можна хутка забыцца, калі з прычыны недахопу сродкаў знікне гэты папулярны турыстычны аб'ект.

Між тым для ягонага захавання патрэбныя грошы, якіх няма. Дырэкцыя Нацыянальнага парку штогод мае страты ў памеры 50 тысяч літаў (прыкладна 14,5 тысяч еўра).

Самая першая савецкая ракетная база шахтавага базавання размясцілася на тэрыторыі Жамойцкага нацыянальнага парку. Яе пабудавалі ў 1962 годзе. Чатыры ракеты гэтай базы былі накіраваныя на гарады Заходняй Еўропы.

Магутнасць тэрмаядзернага начыння адной ракеты ў некалькі разоў перавышала зарад бомбы, якая сцерла з твару Зямлі Хірасіму. Адна такая ракета магла знішчыць цэлы Парыж або Лондан (для параўнання – магутнасць амерыканскай бомбы "Little Boy" – 13-16 кілатонаў, магутнасць ракеты з Жамойцкай базы 2,3 мегатонаў). Апошні раз ракеты былі падрыхтаваныя да пуску падчас Пражскай вясны ў 1968 г. Праз 10 год ракеты вывезлі. Цяпер у ракетных шахтах жывуць кажаны.

Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя