Сёлета фестываль распачынае драма Анджэя Вайды “Катынь”. Прэм'ера гэтага фільма праходзіла 15 красавіка ў Нацыянальным тэатры оперы і балету. На ёй прысутнічаў прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Валдас Адамкус. Пасля фільму спікер літоўскага Сейму Чэславас Юршэнас выказаў спачуванні польскаму народу і родным ахвяраў таталітарнага рэжыму і прапанаваў увекавечыць іхнюю памяць у Вільнюсе.
Цяпер фільм Вайды пакажуць 25 красавіка ў двух сталічных кінатэатрах “Forum Cinema” і “Skalvija”. Апроч гэтай стужкі, у праграме фестывалю фільмы Анджэя Якімоўскага, Іаанны Кос-Краўзэ, Крыштафа Краўзэ і іншых польскіх рэжысёраў.
Кінакрытык Жывіле Піпінітэ кажа, што ў гэтым годзе польскія фільмы прыцягваюць увагу да дзяцей і праблемаў сучаснай сям'і, а таксама звяртаюцца да гэтак званага “звычайнага цуда”, які здольны памяняць жыццё паспалітых людзей.
На фэст у літоўскую сталіцу прыедзе і польская актрыса Ганна Дымна. Гледачам яна вядомая як выканаўца галоўнай жаночай ролі ў фільме “Знахар”.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА





