Пакуль у Мінску гасцюе прынцэса Манака Стэфанія ў Вільнюсе з дзяржаўным візітам упершыню за тысячагадовую гісторыю Літвы пабывала каралева Нідэрландаў Беатрыкс.

У аўторак манаршая асоба завітала ў літоўскую прэзідэнтуру. Прывітаўшы гасцей на галандскай мове, прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус адзначыў, што візіт каралевы – гэта выключная мажлівасць умацаваць двухбаковае супрацоўніцтва і адкрыць шлях да сяброўства паміж народамі.
У сераду каралева Беатрыкс запрасіла Валдаса Адамкуса з жонкай Алмай Адамкене на канцэрт амстэрдамскага квартэту “Loeki Stardust” у Нацыянальную філармонію.
На апошні дзень свайго візіту каралева Беатрыкс прызначыла палёт у Каўнас. Каб задаволіць такое жаданне манаршай асобы, літоўскія ўлады аднавілі чартэрны рэйс “Вільнюс – Каўнас”, якога не было яшчэ з савецкіх часоў. Палёт каралевы са світай працягваўся ўсяго 20 хвілін.
На цырымоніі ў Каўнаскай ратушы замежнай госці ўрачыста ўручылі ключы ад гораду. Таксама ў “часовай сталіцы Літвы” каралева Беатрыкс завітала ў дом, дзе жыў галандскі консул Ян Звартэндзійк, які падчас Другой сусветнай вайны выратаваў 2.200 яўрэяў.
З Каўнаскага аэрапорту каралева Беатрыкс паляцела ў Амстэрдам.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА






