06-03, 14:05

Інтэграцыя - зброя махляроў

На памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны дзейнічае злачынная групоўка, якая карыстаецца "братнімі пачуццямі" расійскіх і беларускіх вяскоўцаў.

Схема, паводле якой працуюць махляры, выдатна дзейнічае ва ўмовах цяперашняй ідэалагічнай прапаганды "славянскай еднасці" і інтэграцыйных памкненняў Беларусі і Расіі.

На практыцы аперацыя падману складаецца з двух этапаў. Спачатку ў расійскую ці беларускую вёску прыязджаюць цыганы ды скупляюць ў сялян хатнюю жывёлу на мяса. Паколькі кошты прапануюцца прыстойныя – куды вышэйшыя за дзяржаўныя, вяскоўцы-пенсіянеры ахвотна прадаюць свініну ды ялавічыну жывой вагой і вельмі радуюцца атрыманым вялікім грашам...

А праз колькі дзён пачынаецца другі этап: да тых, хто з кім нядаўна разлічыліся цыганы-прадпрымальнікі, прыязджае імпазантная бландынка, якая прадстаўляецца супрацоўніцай райвыканкаму ці муніцыпалітэту – у залежнасці ад дзяржаўна-тэрытарыяльнай прыналежнасці вёскі. Яна распавядае бабулькам-дзядулькам пра тое, што інтэграцыя Беларусі і Расеі ідзе поўнаю хадой і што ўжо нават пачалася грашовая рэформа – уводзяцца адзіныя "расійска-беларускія" грошы. Спадарыня прапануе абмяняць "старыя" грошы, якія нібыта "ўжо адмяняюць", на "новыя" – намаляваныя невядомым мастаком і раздрукаваныя на каляровым прынтары.

Пра тое, што сапраўдныя грошы абмененыя на нічога не вартыя паперкі, даверлівыя пенсіянеры даведваюцца самым бліжэйшым часам у краме, спрабуючы разлічыцца за набытыя прадукты. Або за галаву хапаюцца іхнія дзеці, прыязджаючы з гораду па сялянскія гасцінцы, – калі шчаслівыя бацькі замест каўбасаў і сала ўручаюць ім "грошы супольнай будучыні"...

Групоўку махляроў шукае міліцыя адразу шасці раёнаў: Гарадоцкага, Чашніцкага, Бешанковіцкага і Вушацкага на Віцебшчыне ды Невельскага і Усвяцкага з памежнай Смаленшчыны. Пошукі цягнуцца ўжо амаль год, але пакуль безвынікова. //Bulletinonline

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя