У Міёрскім раёне Віцебшчыны адбылася чарговая аварыя на нафтаправодзе “Унеча-Вентспілс”. Але на гэты раз прычынай стала не праржавелая труба, а дзірка, якую ў ёй зрабілі нейкія злаўмыснікі, каб адпампоўваць з магістральнага нафтаправода салярку.
У выніку забруджана тэрыторыя плошчай прыкладна ў гектар, выкліканыя на дапамогу брыгады МНС, на зборы паліва працуе 10 адзінак спецыяльнай тэхнікі.
Паводле кіраўніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіля Чэкана, пагрозы забруджвання прытока Заходняй Дзвіны – рэчкі Вянушкі, якая працякае прыкладна за кіламетр ад месца аварыі, – няма, бо яна перагароджаная бонамі, а ручаі - дамбамі.
З поля сабрана ўжо каля 15 тон воданафтавай эмульсіі, якая трапіла ў глебу не з нафтаправода, а, хутчэй за ўсё, са шланга, праз які злаўмыснікі перапампоўвалі салярку ў ёмістасць, якую хавалі ў адрыне на ўскрайку вёскі Хоцькава. У гэтай цыстэрне байцы МНС і міліцыянеры знайшлі больш за 5 кубічных метраў саляркі.
Пракачка па трубаправодзе аднавіцца, як толькі аварыйная брыгада кампаніі “ЗахадТрансНафтапрадукт” правядзе рамонт на месцы ўрэзкі.
Нагадаем, што летась на гэтым нафтаправодзе ў Віцебскай вобласці адбыліся дзве вялікія аварыі. Вынікам першай стала забруджванне Заходняй Дзвіны аж да латышскага Даўгаўпілса.
Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ





