Супрацоўнікаў ДАІ, якія стварылі “жывы шчыт” на трасе "Мінск-Мікашэвічы” абвінавачваюць у здзяйсненні службовага злачынства паводле Крымінальнага кодэксу РБ. Крымінальная справа таксама распачатая і ў дачыненні да кіроўцы "Фольксваген Гольф".
Гэта стала вядома пасля завяршэння праверкі ДТЗ пракуратурай Мінскай вобласці.
Як паведамілі ў прэс-службе пракуратуры, 14 сакавіка 2008 года пракуратурай Мінскай вобласці ў дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага РУУС узбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт.424 Крымінальнага кодэкса РБ.
Для расследавання крымінальнай справы створаная следчая група на чале са старэйшым следчым па важных справах пракуратуры Мінскай вобласці.
Таксама 17 сакавіка пракуратура распачала крымінальную справу па ч.1 арт.317 Крымінальнага кодэкса РБ у дачыненні да кіроўцы аўтамабіля Фольксваген Гольф" Р.Менцюка. Яго вінавацяць у парушэнні правілаў дарожнага руху.
Крымінальная справа накіраваная ва УУС Мінаблвыканкама для папярэдняга следства.




