Пацярпелыя ад дзеянняў супрацоунікаў Мінскага ДАІ пакуль не вераць у пакаранне вінаватых. Між тым пракуратура Беларусі заяўляе, што ўсе вінаватыя ў падзеях той ночы будуць абавязкова пакараныя.
Як заявілі радыё Рацыя ў генеральнай пракуратуры Беларусі, на сённяшні дзень крымінальныя справы заведзеныя як на супрацоунікаў дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, што прымусілі ніўчым не павінных людзей рызыкаваць сваім жыццём і здароўем, так і супраць 27-гадовага вінаваўцы ДТЗ Рамана Мянцюка.
Для расследавання цяпер створана следчая група, а справу да сваёй вытворчасці прыняў старэйшы следчы па найважнешыхх справах пракуратуры Мінскай вобласці. Пра ход следства распавяла Вера Страмкоўская – адвакатка, якая ад самага пачатку абараняе правы пацярпелых ад “жывога шчыту”.
- На дадзены момант апытаныя ўсе падазраваныя, тлумачэнні ўзятыя таксама і з пацярпелых, адметна, што яны нарэшце прызнаныя пацярпелымі. Плануецца, што бліжэйшым часам нам удасца выехаць і на месца здарэння.
На пытанне, ці ведае адвакатка што-небудзь пра лёс вінаватага ў здарэнні 27-гадовага Рамана Мянцюка Вера Страмкоўская кажа, што называць яго вінаватым яшчэ вельмі заўчасна.
- Вы зразумейце – гэты п’яны кіроўца мог бы і абсалютна спакойна даехаць дахаты, ці мала ў нас такіх ездзіць. А атрымалася так, што спачатку міліцыйнты яго справакавалі і прымусілі ўцякаць, а потым самі ж і не маглі спыніць.
Што да саміх пацярпелых, якія ў апошнія дні сталі прадметамі ўвагі шматлікіх выданняў і журналістаў, то яны па-ранейшаму не вельмі вераць у тое, што хтосьці з супрацоунікаў ДАІ будзе пакараны.
- Зараз машына стаіць на стаянцы ў мяне на працы, - гаворыць адзін з пацярпелых Юры Пашкевіч, аўтамабіль якога ўзяў на сябе асноўны цяжар удару ў здарэнні. - Некалькі дзён таму прыязджалі прадстаўнікі страхавой кампаніі. Пакуль што яны ацанілі толькі знешнія пашкоджанні, аднак ужо зыходзячы з іх быў пасташлены дыягназ, што аднаўленню машына не падлягае.
- Што датычыць прабачэнняў, якія міліцэйскае кіраўніцтва нібыта нам выказала, то я хачу сказаць, што на гэтыя прабачэнні нас нават не запрасілі, не кажучы ўжо пра ўсё астатняе.
Юры Пашкевіч, кажа, што пакуль ніякіх прыкметаў актыўнага вядзення следства ён не бачыць і прадказвае, што хутчэй за ўсё справа гэтая, як кажуць, будзе спушчана на тармазах.
Ігар ОЛІН




