Учора найбуйнейшы рынак краіны “Ждановічы”, што пад Мінскам, працаваў у звычайным рэжыме. Хоць пару дзён таму арыштавалі старшыню Савета дырэктараў ГЦ “Ждановічы” Яўгена Шыгалава, які ўваходзіць у дзесятку самых багатых бізнэсоўцаў краіны.
Шыгалава і ягонага намесніка падазраюць у самавольным захопе зямлі.
- Мы ўпэўненыя, што праваахоўныя органы разбяруцца па факце затрымання Яўгена Аляксандравіча, і спадзяемся, што гэтая памылка будзе выпраўленая, - распавёў “Комсомольской правде в Белоруссии” дырэктар ГЦ “Ждановічы” Аляксандр Ралько. - Апошнія падзеі не паўплываюць на дзейнасць нашага прадпрыемства. Усе аддзелы рынку працуюць у звычайным рэжыме.
Яўген Шыгалаў у Беларусі вядомы як сябра ініцыятыўнай групы па стварэнні праўладнай арганізацыі “Белая Русь” і намеснік Міхаіла Паўлава ў тэніснай асацыяцыі. Дарэчы, на матчы Кубку Дэвіса, што сёння пачаўся ў Мінску, ГЦ “Ждановічы” - адзін са спонсараў.




